Мяса-малочную прадукцыю прадпрыемстваў Віцебскай вобласці высока ацанілі на конкурсе «Чэмпіён смаку», які праходзіў у межах выстаўкі «БЕЛАГРА-2015».
Дзевяць прадпрыемстваў Віцебшчыны канцэрна «Мяса-малочныя прадукты» сталі ўдзельнікамі прэстыжнай штогадовай міжнароднай спецыялізаванай сельскагаспадарчай выстаўкі «БЕЛАГРА-2015» ў Мінску.
Два Гран-пры, шэсць дыпломаў першай і адзін — трэцяй ступені ў конкурсе «Чэмпіён смаку» атрымала прадукцыя Пастаўскага малочнага завода. З узнагародамі прыехалі і малакаперапрацоўшчыкі Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната.
Сярод пераможцаў народнага конкурсу-дэгустацыі «Чэмпіён смаку», які праводзіўся ў рамках выстаўкі, — Віцебскі мясакамбінат, калектыў якога традыцыйна ўдзельнічае і перамагае ў гэтым спаборніцтве самых якасных прадуктаў.
Наш карэспандэнт пабываў у віцебскіх мясаперапрацоўшчыкаў, каб даведацца не толькі пра апошнія яскравыя дасягненні вядомага прадпрыемства, але і пра новаўвядзенні, якія планамерна тут укараняюцца.
Пяць найменняў прадукцыі прадставілі спецыялісты Віцебскага мясакамбіната на народны конкурс-дэгустацыю «Чэмпіён смаку», і ўсе яны не засталіся без узнагарод. Першыя месцы ў сваіх намінацыях атрымалі каўбаска салямі сыравяленая «Вясковая Прэміум» вышэйшага сорта і паўфабрыкат хуткага прыгатавання «Шашлык у марынадзе «Сапраўдны». Трэціх месцаў у адпаведных намінацыях удастоены былі каўбаса вараная «Доктарская з маслам МяскоВіт» вышэйшага сорта, прадукт са свініны арыгінальны сыракопчаны паляндвіца «Юбілейная Прэміум» і сасіскі «Для хот-догаў» вышэйшага сорта.
Прыемна ўсведамляць: тое, што мы штодня маем магчымасць набыць у крамах, атрымлівае такую высокую ацэнку незалежных экспертаў.
Віцебскі мясакамбінатКаментуючы гэтыя дасягненні, намеснік галоўнага тэхнолага Віцебскага мясакамбіната Наталля Сандульская адзначыла, што на прадпрыемстве працуюць з разуменнем таго, што менавіта якасць выводзіць у лідары рынку, а таму неабходна захоўваць вернасць ёй, арганічна спалучаючы старынныя рэцэпты і сучасны падыход. Час вылучае і новыя, павышаныя патрабаванні да выпускаемай прадукцыі, а значыць, вытворца павінен надаваць асаблівую ўвагу пастаяннаму пошуку і выкарыстанню эфектыўных рашэнняў па паляпшэнні якасці. Заўсёды актуальнае пытанне пра тэрміны прыдатнасці прадуктаў. Улічваючы тэхпераўзбраенне, высокі санітарны ўзровень вытворчай гігіены, іх павелічэнне стала магчымым. Укаранілі тут і абалонкі новага пакалення, дзякуючы якім прадукцыя даўжэй застаецца свежай.
— Удзел у конкурсах дазваляе нам звярыць гадзіннікі — праверыць выніковасць сваёй дзейнасці ў галіне паляпшэння якасці, звярыць з патрабаваннямі экспертаў, спецыялістаў высокага ўзроўню, якія, дарэчы, ацэньваюць зашыфраваную прадукцыю на конкурсе па яе вартасці, не маючы інфармацыі, якой гандлёвай марцы яна належыць, — дадае Наталля Васільеўна. — Мы ганарымся і нашымі перамогамі ў конкурсе-дэгустацыі «ГУСТ-2015», які ў маі праходзіў у Мінску. 19 найменняў прадукцыі з лагатыпам «МяскоВит» былі ўдастоены васьмі дыпломаў пераможцы ў сямі намінацыях. А гэта значыць, што мы на правільным шляху.
Праграма «Якасць» на прадпрыемстве — на пастаянным кантролі кіраўніцтва. Вось і ў рамках тэхнічнага пераўзбраення за ўласныя сродкі (а гэта 400 тысяч еўра) Віцебскім мясакамбінатам былі закуплены і ўжо два тыдні як праходзяць адпрацоўку тэхналагічных працэсаў чатыры новыя ўніверсальныя тэрмакамеры.
Намеснік дырэктара па вытворчасці і якасці Наталля Гурская лічыць, што гэта значны крок у развіцці вытворчасці.
— Гэта дазволіць нам пашырыць асартымент па групах сыравэнджаных, вэнджана-вараных, запячоных прадуктаў са свініны і ялавічыны, — упэўнена Наталля Андрэеўна. — Акрамя таго, дзве з набытых тэрмакамеры дазволяць вырабляць так званае халоднае вэнджанне, якое, дарэчы, ажыццяўляецца з дапамогай найбольш прыдатнай для гэтага экалагічна чыстай драўніны — вольхі.
Сярод новага абсталявання, якое ўжо ў поўнай меры асвоена на прадпрыемстве, і дзве новыя ўпаковачныя лініі (на здымку), якія былі набыты ў снежні мінулага года, — для вакуумнай упакоўкі і ўпакоўкі ў мадыфікаванае газавае асяроддзе, — працягвае Н. Гурская. — Ёсць магчымасць вельмі хутка мяняць на іх матрыцы. Гэта дазваляе нам да 70 працэнтаў усёй выпускаемай прадукцыі змяшчаць у розныя віды ўпакоўкі — групавую, індывідуальную, парцыённую. Больш таго, і гэта вельмі важна, укараненне такога абсталявання дае ўпэўненасць: прадукцыя, якую мы вырабілі і тут жа ўпакавалі, дойдзе да пакупніка ў найлепшым выглядзе, бо дзякуючы гэтаму працэсу павялічваюцца тэрміны прыдатнасці, захоўваецца якасць.
Сёння на Віцебскім мясакамбінаце працуюць 1600 чалавек, вырабляецца каля 260 найменняў высакаякаснай прадукцыі, асартымент якой пастаянна абнаўляецца. І для ўсіх працаўнікоў важна, што плады іх штодзённых намаганняў не толькі запатрабаваны, але і ацэньваюцца на высокім узроўні.
Дыпломамі за актыўны ўдзел у міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «Белагра-2015» узнагароджаны таксама Аршанскі і Полацкі малочныя і Лепельскі малочнакансервавы камбінаты, Глыбоцкі мясакамбінат, Віцебскі і Полацкі камбінаты хлебапрадуктаў.
Наталля КОНАХАВА, "Віцьбічы"