Мяса-малочныя прадпрыемствы Віцебскай вобласці будуць маркіраваць прадукцыю калектыўным гандлёвым знакам

23 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзяржаўнае аб'яднанне "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" рэгіструе калектыўныя гандлёвыя знакі прадпрыемстваў канцэрна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў канцэрне. Адзін знак будзе прызначаны для 4 мясакамбінатаў, другі - для 8 малочнаперапрацоўчых заводаў, якія ўваходзяць у склад канцэрна. Пры гэтым уласныя гандлёвыя маркі прадпрыемстваў захоўваюцца. Як лічаць у канцэрне, стварэнне калектыўнага гандлёвага знака дапаможа прасоўванню прадукцыі віцебскіх перапрацоўшчыкаў на рынак, створыць станоўчы імідж прадпрыемстваў як прадстаўнікоў буйнога дзяржаўнага канцэрна, павысіць іх статус. Прадпрыемствы малочнай прамысловасці вобласці выпускаюць прадукцыю пад гандлёвымі маркамі "Ян Сырароб", "Ульянка", "Фабрыка малочнага смаку", "Лепелька", "Дзедаў гарлачык", "Сырны двор", "Казка на далоні", "Малочнае раздолле", "Паставы-гарадок". Падведамасным прадпрыемствам мясной прамысловасці выпускаюць прадукцыю пад гандлёвымі маркамі "МяскоВіт", "Міёры", "Аршанскі гасцінец", "Ням-ням". Фактычна з 12 прадпрыемстваў канцэрна зарэгістраваныя гандлёвыя маркі маюць 11. Па аператыўнай інфармацыі, за 6 месяцаў бягучага года прадпрыемствамі канцэрна выраблена прадукцыі на Br661,1 млрд. Тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў 114,3%. На экспарт рэалізавана прадукцыі на $80 млн. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года тэмп росту экспартных паставак знізіўся.-0-