Мяса-малочныя прадпрыемствы Віцебскай вобласці ў 2010 годзе накіруюць у асноўны капітал звыш Br100 млрд.

2 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" плануюць у 2010 годзе інвеставаць у асноўны капітал звыш Br100 млрд. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны дырэктар канцэрна Віктар Славецкі. Асноўная частка сродкаў будзе накіравана на набыццё новага тэхналагічнага абсталявання. Так, Полацкі малочны камбінат плануе пашырыць вытворчасць тварожных дэсертаў і пачаць разліў малака ў ПЭТ-бутэлькі. Глыбокскі малочна-кансервавы камбінат мае намер увесці ў эксплуатацыю лінію па вытворчасці стэрылізаванага малака ў асептычнай упакоўцы прадукцыйнасцю 7 тыс. упаковак у гадзіну, а ААТ "Малако" - усталяваць лінію па выпуску ёгуртаў. Акрамя таго, на Верхнядзвінскім масласырзаводзе і Сенненскім філіяле Аршанскага малочнага камбіната трэба будзе пабудаваць новыя цэхі па перапрацоўцы малочнай сыроваткі. Буйны праект з аб'ёмам інвестыцый у 2,7 млн. еўра трэба будзе рэалізаваць на Мёрскім мясакамбінаце. Тут плануецца пабудаваць новы халадзільнік, магутнасці якога дазволяць адначасова захоўваць 500 т прадукцыі. Увод у эксплуатацыю плануецца ажыццявіць у канцы 2010-пачатку 2011 гадоў. Запуск гэтага аб'екта дазволіць прадпрыемству значна палепшыць якасць выпускаемых вырабаў, больш чым на 30% знізіць затраты на энергетычныя рэсурсы і пачаць вытворчасць астуджанага мяса. Свае праекты па рэканструкцыі вытворчасці, накіраваныя на павелічэнне магутнасцей і павышэнне якасці прадукцыі, запланаваны на Глыбокскім, Віцебскім мясакамбінатах і Аршанскім мясакансервавым камбінаце. Пры гэтым на апошнім плануецца ў два разы пашырыць выпуск дзіцячага харчавання, мадэрнізаваць лінію па вытворчасці мясных кансерваў і ўсталяваць новую лінію па вытворчасці паўфабрыкатаў з працяглым тэрмінам захоўвання ў вакуумнай упакоўцы. Рэалізацыя ўсіх мерапрыемстваў дазволіць прадпрыемствам канцэрна павялічыць у 2010 годзе агульны аб'ём вытворчасці прадукцыі на 13% да ўзроўню мінулага года. Усяго плануецца выпусціць прадукцыі на Br1,6 трлн. За 2009 год канцэрнам выпушчана прадукцыі на Br1,4 трлн., або 112% да ўзроўню папярэдняга года. Перапрацавана 739 тыс. т малака і 87,6 тыс. т жывёлы (адпаведна 109,9% і 120,8%). Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі каля Br140 млрд. У ліку найбольш буйных рэалізаваных праектаў - рэканструкцыя цэха цэльнамалочнай прадукцыі на Пастаўскім малочным заводзе, сістэмы халадагенерацыі на Лепельскім малочна-кансервавым камбінаце, лініі па выпуску экструдаванага марожанага ў ААТ "Аршасырзавод", а таксама ўвод у эксплуатацыю цэха па вытворчасці казеіната натрыю ў ААТ "Малако". Акрамя таго, на чатырох прадпрыемствах малочнай галіны значна павялічыліся магутнасці па вытворчасці сыроў, у тым ліку на Верхнядзвінскім масласырзаводзе, дзе ўведзены ў эксплуатацыю новы цэх па вытворчасці цвёрдых сыроў магутнасцю 20 т у суткі і пачалося будаўніцтва цэха сушкі малочнай сыроваткі. У склад канцэрна ўваходзіць чатыры мясакамбінаты і восем прадпрыемстваў малочнай галіны.-0-