Мяса-малочныя прадпрыемствы Віцебскай вобласці ў 2011 годзе накіруюць у асноўны капітал звыш Br280 млрд.
30 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" ў 2011 годзе плануюць накіраваць у асноўны капітал звыш Br280 млрд., што больш чым у два разы больш у параўнанні з інвестыцыямі бягучага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў канцэрне.
Вялікі аб'ём сродкаў у наступным годзе трэба будзе асвоіць Глыбоцкаму малочна-кансерваваму камбінату. Прадпрыемства плануе мадэрнізаваць жасцяна-баначную вытворчасць, набыць шэраг новых тэхналагічных ліній, у тым ліку абсталяванне па выпуску стэрылізаванага малака, стэрылізатар для кансервавага цэха, устаноўкі зваротнага осмосу, а таксама стварыць на сваім браслаўскім філіяле сучасную вытворчасць сыроў. Усяго на гэтыя мэты плануецца накіраваць каля Br53 млрд.
Лепельскі малочна-кансервавы камбінат плануе накіраваць у асноўны капітал Br30,9 млрд. За кошт гэтых сродкаў прадугледжваецца рэалізаваць праект па будаўніцтве новай кацельні з двума паравымі катламі электрагенеруючай магутнасцю 3,5 МВт, дааснасціць неабходным абсталяваннем докшыцкі філіял для пашырэння вытворчасці паўцвёрдых сыроў, пабудаваць будынак для цялушак на 690 галоў у сельскагаспадарчым філіяле "Заазер'е".
Асноўным праектам Аршанскага малочнага камбіната ў 2011 годзе стане будаўніцтва новага прыёмна-апаратнага корпуса, маслаўчастка, участку выпрацоўкі казеіну і адміністрацыйна-бытавога памяшкання ў вытворчым цэху "Дубровенскі". На яго рэалізацыю спатрэбіцца Br12 млрд. Полацкі малочны камбінат свае асноўныя намаганні засяродзіць на мадэрнізацыі цэха сухога абястлушчанага малака, дзе плануецца ўсталяваць дзве новыя лініі фасоўкі сухога малака, плёначную вакуум-выпарную ўстаноўку і ўстаноўку зваротнага осмосу. Кошт праекта складае Br18,1 млрд.
Пастаўскі малочны завод прыступіць да рэалізацыі маштабнага праекта па стварэнні новай вытворчасці цвёрдых сыроў магутнасцю 20 т у суткі. Вытворчы цэх размесціцца на вольнай пляцоўцы каля асноўнага прадпрыемства. Аб'ём інвестыцый, неабходны на гэтыя мэты, складае Br30 млрд. Акрамя таго, завод плануе завяршыць будаўніцтва ачысных збудаванняў сцёкавых вод.
Шэраг праектаў па тэхнічным пераўзбраенні і пашырэнні магутнасцей дзеючай вытворчасці трэба будзе рэалізаваць у 2011 годзе і іншым малочным і мясаперапрацоўчым прадпрыемствам канцэрна. Так, Віцебскі мясакамбінат плануе рэканструяваць халадзільныя камеры, Глыбоцкі - мясаперапрацоўчы корпус, Мёрскі - пабудаваць халадзільны корпус. Аршанскі мясакансервавы камбінат працягне працу над праектам па пашырэнні магутнасцей па выпуску дзіцячага харчавання больш чым у два разы.
За студзень-лістапад бягучага года канцэрн выпусціў прадукцыі на Br1,5 трлн., або 115,4% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі - 3,9%. Тэмп росту экспарту за студзень-лістапад склаў 140% да $231 млн. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 14,4%. Аб'ём інвестыцый за мінулы перыяд дасягнуў Br118 млрд.
У склад канцэрна ўваходзяць чатыры мясакамбінаты і восем прадпрыемстваў малочнай галіны.-0-