Мяса-малочныя прадпрыемствы Віцебскай вобласці ў I паўгоддзі накіравалі ў асноўны капітал Br40,7 млрд.
16 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" за студзень-чэрвень бягучага года накіравалі ў асноўны капітал Br40,7 млрд., у тым ліку Br9,6 млрд. - на будаўніцтва сельскагаспадарчых вытворчых комплексаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў канцэрне.
Асноўны аб'ём інвестыцый быў укладзены ў рэалізацыю розных праектаў па мадэрнізацыі вытворчасцей. Так, ААТ "Малако" закупіла новую тэхналагічную лінію для выпуску ёгуртаў у групавой упакоўцы, абсталяванне ў цэх па вытворчасці сухога малака. Верхнядзвінскі масласырзавод вядзе будаўніцтва цэха сушкі малочнай сыроваткі. За першае паўгоддзе на гэтыя мэты накіравана каля Br8 млрд. Да канца года плануецца ўкласці яшчэ Br14 млрд.
На Глыбокскім малочнакансервавым камбінаце асноўным праектам 2010 года з'яўляецца ўстаноўка дадатковай лініі для вытворчасці згушчанага малака. Прадпрыемства ўжо заключыла кантракт на яе пастаўку з італьянскім пастаўшчыком. Увесці ў строй новае абсталяванне плануецца да канца года.
Буйныя праекты па тэхнічным пераўзбраенні рэалізуюцца таксама на ААТ "Аршасырзавод", Аршанскім і Полацкім малочных камбінатах, Лепельскім малочнакансервавым камбінаце. Усяго ў 2010 годзе прадпрыемствы канцэрна плануюць накіраваць у асноўны капітал звыш Br100 млрд.
За студзень-чэрвень канцэрн выпусціў прадукцыі на Br805,2 млрд., або 115,5% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі склала 4,2%. Усе прадпрыемствы спрацавалі прыбыткова. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі дасягнула 48%. Пастаўкі ажыццяўляліся ў 38 краін. Экспарт за студзень-чэрвень бягучага года павялічыўся на 44% да $80 млн.
У склад канцэрна ўваходзяць чатыры мясакамбінаты і восем прадпрыемстваў малочнай галіны.-0-