М.Мясніковіч далажыў А.Лукашэнку аб становішчы спраў у эканоміцы Беларусі і планах па развіцці асобных галін

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Кіраўніку дзяржавы даложана аб становішчы спраў у эканоміцы краіны і планах па развіцці асобных галін, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, як урадам вырашаецца задача па дасягненні ў 2012 годзе росту ВУП у памеры 5,5%. "У сувязі з гэтым мяне хвалюе і цікавіць праблема інфляцыі. Што гэта за інфляцыя ў нас, з чаго яна складаецца, якія аб'ектыўныя прычыны? Ці можам мы выйсці на больш нізкую інфляцыю, чым планавалі? Таму што рост цэн па-ранейшаму хвалюе нашых людзей", – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Яшчэ адзін блок пытанняў, які Прэзідэнт паставіў перад прэм'ерам, датычыўся забеспячэння росту даходаў насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка папрасіў Міхаіла Мясніковіча даць ацэнку стану спраў у сферы экспарту, асабліва ў частцы неарганізаванага вывазу прадукцыі. "Усё ж такі розніца ў цэнах у нас яшчэ існуе і даволі прыстойная па асобных групах тавараў з іншымі дзяржавамі. Якая тут дынаміка, тэндэнцыі і наколькі гэта небяспечна?" – задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. Па словах прэм'ер-міністра, "беларуская эканоміка працуе ўстойліва, даходы насельніцтва растуць". "Задача аб выхадзе на Br4-4,1 млн. сярэдняй заработнай платы няпростая, але будзем імкнуцца да таго, каб гэта было выканана", – адзначыў Міхаіл Мясніковіч, канстатаваўшы, што пакуль бюджэтнікі некалькі адстаюць па ўзроўні даходаў. Прэзідэнт даручыў, каб з 1 жніўня і ў кастрычніку бягучага года была павышана тарыфная стаўка першага разраду. Гэта дазволіць павысіць зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы. З улікам росту рэнтабельнасці продажаў і прадукцыйнасці працы будуць павялічвацца і даходы работнікаў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Кіраўніку дзяржавы таксама даложаны падыходы ўрада па эканамічным развіцці ў 2013 годзе, і ў прыватнасці, па жыллёвым будаўніцтве і сельскай гаспадарцы. У бягучым годзе аб'ём інвестыцый і мер дзяржпадтрымкі сельскай гаспадарцы ацэньваецца ў Br30 трлн. Па выніках 2012 года плануецца ўвесці ў строй 105-110 новых і ажыццявіць мадэрнізацыю 1,2 тыс. дзеючых малочна-таварных ферм. "Мы за два гады фактычна ўвядзем магутнасці малочна-таварных ферм, якія ўвялі за ўсю мінулую пяцігодку", – заўважыў Міхаіл Мясніковіч. У пытанні жыллёвага будаўніцтва ўрад плануе ў 2013 годзе выйсці на аб'ём у 6-6,5 млн. кв.м. З іх каля 3 млн. кв.м. – жыллё з дзяржпадтрымкай. На думку прэм'ер-міністра, укладанне вялікіх сродкаў у развіццё інфраструктуры будзе стымуляваць будаўніцтва камерцыйнага, арэнднага жылля, індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. У ходзе сустрэчы асобна было абмеркавана тое, як урад плануе рэалізоўваць дамоўленасці, дасягнутыя 15 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы прэм'ераў Беларусі, Расіі і Казахстана. Гэта датычыцца ўзгодненай прамысловай палітыкі і інтэграцыі прампрадпрыемстваў ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы. Былі даложаны падыходы па стварэнні сумеснай холдынгавай кампаніі на базе МАЗа і КамАЗа з улікам парытэтнасці кіравання гэтай структурай і захавання кіравальнасці адным з вядучых прадпрыемстваў краіны. "Гэтая інтэграцыя для беларускага боку выгадная. Па-першае, гэта аб'яднаны рынак аўтамабіляў, на якім сёння мы прадаём 77% прадукцыі МАЗа. І галоўнае, што сюды мы можам увайсці праз кааперацыйныя пастаўкі, гэта значыць спецыялізацыі ўжо ў рамках аб'яднанага холдынгу, – адзначыў Міхаіл Мясніковіч. – У нас яшчэ ёсць холдынг "Аўтакампаненты", які, мы мяркуем, можна будзе актыўна ўцягнуць у кааперацыю з гэтым аб'яднаным холдынгам". "Прынцыповая згода ўласнікаў КамАЗа па гэтым пытанні маецца", – праінфармаваў прэм'ер-міністр. Прэзідэнт Беларусі таксама даў прынцыповую згоду. Цяпер урад зоймецца падрыхтоўкай неабходнага пакета дакументаў, каб дакладваць кіраўніку дзяржавы пры прыняцці канчатковага рашэння. Акрамя таго, урад Беларусі прапануе аб'яднаць на рынкавай аснове "Гомсельмаш" і "Ростсельмаш". "Мы будзем гэта абмяркоўваць з расіянамі. Беларускі бок гатовы купіць "Ростсельмаш", калі будзе жаданне расійскага боку, – сказаў Міхаіл Мясніковіч. – Думаю, што можна разглядаць выгаднасць гэтай здзелкі. Сёння ў нас вялікі ўнутраны рынак трох дзяржаў па кормаўборачных і зернеўборачных камбайнах. Мяркуем, што на гэтым рынку можа працаваць адзіная кампанія". -0-