Меркаванне насельніцтва стане афіцыйным крытэрыем ацэнкі працы ўчастковага - МУС
20 чэрвеня, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. МУС плануе зрабіць адным з асноўных афіцыйных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці ўчастковага меркаванне насельніцтва. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Беларусі Раман Мельнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Раман Мельнік растлумачыў, што цяпер у міліцэйскім ведамстве распрацоўваецца новая інструкцыя па рабоце ўчастковых інспектараў. Плануецца, што гэты дакумент будзе прыняты ў лістападзе 2011 года. Пры гэтым МУС прапануе ўсім зацікаўленым грамадзянам уносіць прапановы, якія будуць абавязкова разгледжаны. У інструкцыі будуць канкрэтызаваны абавязкі ўчастковага, у тым ліку дададзены новыя палажэнні па прафілактыцы сямейнага гвалту. Таксама будзе ўстарана дубляванне некаторых момантаў, якія ўжо ёсць у законе аб "Органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь".
Як адзначыў прадстаўнік МУС, цяпер сярэдні тэрмін службы на пасадзе ўчастковага інспектара складае 5 гадоў, аднак нельга сказаць, што некамплект сярод участковых вялікі - ён складае толькі 7,5%. Пры гэтым МУС плануе закрыць некаторыя вакансіі да жніўня гэтага года за кошт выпускнікоў міліцэйскіх навучальных устаноў. Раман Мельнік дадаў, што цяпер сярэдні ўзрост участковага складае каля 30 гадоў, а 17% - гэта міліцыянеры першага года службы. Акрамя таго, 60% участковых маюць вышэйшую або сярэднюю спецыяльную юрыдычную адукацыю. Крыху больш за 30% інспектараў жывуць на тэрыторыі сваіх участкаў. Па нормах у сельскай мяснасці на аднаго ўчастковага можа прыпадаць каля 270 чалавек, а ў гарадах лічба можа даходзіць да 3,5 тыс., бо шчыльнасць насельніцтва тут вышэй.
"Работа ўчастковага - карпатлівая штодзённая праца, якая, на жаль, не бачная", - адзначыў Раман Мельнік і падкрэсліў, што служба ўчастковых шчыльней за іншых працуе з насельніцтвам. Менавіта таму пасада ўчастковага - гэта часта своеасаблівая школа, пасля якой міліцыянер можа стаць следчым, аператыўнікам і г.д.
У апошнія гады МУС зрабіла шэраг крокаў па павелічэнні прэстыжу службы ўчастковых. Практычна ўсе працоўныя месцы былі аснашчаны камп'ютарнай тэхнікай.-0-