Шматлікія дэлегацыі расейцаў сустракаюць Дзень Перамогі ў Віцебскай вобласьці
9 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шматлікія дэлегацыі сваякоў расійскіх салдат, якія загінулі пры вызваленні Беларусі, сустракаюць Дзень Перамогі ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным аб'яднанні ветэранаў.
Так, у Ліёзне ўшанаваць памяць сваіх продкаў, якія загінулі ў гады вайны на тэрыторыі гэтага раёна, прыехалі сваякі з Разані, Чалябінскай, Маскоўскай, Смаленскай абласцей, Пермі. У Дубровне Дзень Перамогі сустракаюць госці з далёкай Чувашыі. Дэлегацыі з розных рэгіёнаў Расіі, а таксама Узбекістана, Таджыкістана сардэчна прымаюць у гэтыя дні ў Віцебскім, Гарадоцкім, Аршанскім раёнах.
Асобна адзначылі ў абласным аб'яднанні ветэранаў Сенненскі раён. Сюды прыбылі з Карачаева-Чаркесіі нашчадкі Герояў Расіі Юнуса Каракетова і Кічы-Батыра Хаіркізава, якія па волі лёсу трапілі ў партызанскі рух гэтага раёна і ўнеслі значны ўклад у яго вызваленне. Сенненшчына памятае сваіх герояў. Сёння тут адбудзецца цырымонія увекавечання памяці гэтых воінаў на Алеі герояў, размешчанай у цэнтральным парку раённага цэнтра.
За вызваленне Віцебскай вобласці аддалі свае жыцці больш за 400 тыс. чалавек, ураджэнцаў розных краін. Штогод ушанаваць іх памяць напярэдадні 9 мая прыязджаюць дзясяткі чалавек - дзеці, унукі, бліжэйшыя сваякі. Кожны з іх становіцца ганаровым госцем на мерапрыемствах, прымеркаваных да гэтай вялікай даты, адзначылі ў аб'яднанні.
У Віцебску ўсе ўрачыстасці, прысвечаныя 9 мая, традыцыйна адкрыліся святочным шэсцем ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, грамадскасці горада. Святочную праграму дня падхопіць канцэрт у Летнім амфітэатры "Майская вясёлка Перамогі". Выступленні творчых калектываў пройдуць на працягу дня і на іншых канцэртных пляцоўках горада. Увечары ў памяць пра подзвігі загінулых герояў, пра Вялікую Перамогу і ў гонар ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, якія сустракаюць гэтае свята разам з намі, у небе вечаровага Віцебска запаляцца маляўнічыя агні феерверка.-0-