Шматлікія калядныя гулянні разгорнуцца 7 студзеня ў Віцебску
6 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Шматлікія калядныя гулянні разгорнуцца 7 студзеня ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага аблвыканкама.
Галоўнымі пляцоўкамі на Каляды стануць плошча Перамогі, цэнтр народных рамёстваў "Задзвінне" і парк Савецкай Арміі. Так, на плошчы Перамогі школьнікі Кастрычніцкага раёна горада пакажуць вялікае тэатралізаванае прадстаўленне "Калядныя зоркі збіраюць сяброў". Гледачоў чакае маса вясёлых конкурсаў, жартаў, розыгрышаў і добрага настрою.
Не менш цікавую праграму падрыхтавалі і ў "Задзвінне". Тут таксама адбудзецца маляўнічае каляднае прадстаўленне з Дзедам Марозам і Снягуркай, пройдуць паказальныя баі рыцараў і вікінгаў клуба гістарычнай рэканструкцыі "Нагльфар". Гарачы чай і шмат смачнасцяў прапануюць гандлёвыя рады. Акрамя таго, разгорнецца выстава-кірмаш вырабаў народных рамёстваў і промыслаў.
Аматары актыўнага адпачынку абавязкова павінны наведаць парк Савецкай Арміі, дзе можна будзе пакатацца на лыжах, санках і паспаборнічаць у сіле, спрыце і ўменні ў розных конкурсах, паглядзець выступленні спартсменаў-каратэістаў і пакатацца на конях.
Жыхары і госці Віцебска могуць далучыцца да высокага мастацтва на свяце духоўнай музыкі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Мерапрыемства пройдзе ў 15-ы раз і збярэ свецкія і царкоўныя калектывы Віцебскай вобласці. Удзельнікі выканаюць песні і кампазіцыі, прысвечаныя Калядам і Новаму году. -0-