Мноства яркіх перажыванняў і ўспамінаў забяруць з сабой нашчадкі Ільі Рэпіна з Віцебска

20 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску сёння завяршылася знаёмства французскіх нашчадкаў Ільі Рэпіна з роднымі пенатамі свайго знакамітага продка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праграма знаходжання ў Віцебску шматлікай сям'і Дзьяканавых, якія вядуць сваю радаслоўную ад унучкі вялікага рускага мастака Ільі Рэпіна Таццяны, уключала наведванне радавога маёнтка Здраўнёва, славутасцяў абласнога цэнтра і мастацкага музея, дзе захоўваюцца сапраўдныя малюнкі Ільі Рэпіна і ацыфраваныя копіі яго работ.

"Паездка ў Здраўнёва стала, мабыць, самай яркай падзеяй ва ўсім нашым падарожжы, пакінуўшы незгладжальныя ўражанні і перажыванні. Менавіта іх, у першую чаргу, мы ўвязем з сабой у Францыю", - ва ўнісон падкрэслілі прадстаўнікі старэйшага пакалення Дзьяканавых на заключнай прэс-канферэнцыі ў Мастацкім музеі.

Як адзначыла далёкая сваячка Дзьяканавых і натхняльніца паездкі Майоргас Церахава, члены сям'і заўсёды праяўлялі трапятлівае стаўленне да памяці Ільі Рэпіна, яго творчай спадчыны. Доўгі час выспявала ідэя наведаць родныя мясціны, звязаныя з яго імем. Аднак толькі падчас падарожжа яны змаглі ў поўнай меры ўсвядоміць і адчуць сапраўдную глыбіню значнасці постаці свайго продка ў гісторыі рускага жывапісу.

"Яшчэ адным прыемным сюрпрызам стаў для нас шчыры прыём, аказаны ў Віцебску і Здраўнёве", - прызналася Майоргас Церахава, выказаўшы велізарную падзяку за праяўленае цёплае стаўленне ад імя ўсіх удзельнікаў паездкі.

Віцебск стаў чацвёртай кропкай у падарожжы Дзьяканавых. Раней яны ўжо пабывалі ў Кіеве, Чугуеве - радзіме Ільі Рэпіна, Маскве. Апошнім пунктам іх маршруту значыцца Санкт-Пецярбург.

У траўні 1892 года Ілья Рэпін набыў маёнтак Здраўнёва і рэгулярна наведваў яго з 1892 па 1902 год. Пасля гэтага ў маёнтку адпачывалі і займаліся гаспадаркай члены сям'і Рэпіна: жонка Вера Аляксееўна Шаўцова-Рэпіна, дочкі Вера, Таццяна, Надзея, сын Юрый. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у ліпені 1918 года, у маёнтку пасялілася малодшая дачка Рэпіна - Таццяна (у замужжы Язева) з дачкой Таццянай Язевай. У 1921 годзе ўнучка Ільі Рэпіна выйшла замуж за сына мясцовага святара Івана Дзьяканава, і ў Здраўнёве ў іх нарадзілася чацвёра дзяцей: Валянцін, Кірыл, Галіна, Раман. Перажыўшы шматлікія рэпрэсіі, Дзьяканавым удалося перабрацца ў Фінляндыю да дзеда - Ільі Рэпіна, а пасля яго смерці - у Францыю.

Праўнукі Рэпіна абзавяліся сем'ямі, і цяпер колькасць нашчадкаў мастака па гэтай лініі вельмі шматлікая. Астатнія дзеці Рэпіна або не мелі дзяцей, або іх род не меў працягу. Такім чынам, лінія нашчадкаў вялікага мастака, якія ажаніліся з беларускім родам Дзьяканавых, мае непасрэднае дачыненне да Віцебшчыны.-0-