Мабільнае праграмаванне можа стаць перспектыўнай тэмай беларуска-індыйскага супрацоўніцтва
17 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праграмаванне для мабільных прылад можа стаць перспектыўнай і цікавай тэмай супрацоўніцтва беларускіх і індыйскіх спецыялістаў у IT-сферы. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў член тэхнічнага савета Цэнтра распрацоўкі перадавых камп'ютарных тэхналогій (CDAC) Апурва Кохлі. У Віцебску ён наведвае рэгіянальны філіял беларуска-індыйскага вучэбнага цэнтра ў галіне IT-тэхналогій, створаны на базе Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.Машэрава.
Паводле слоў Апурвы Кохлі, у Беларусі робяцца актыўныя намаганні па развіцці інфармацыйных тэхналогій, і Парк высокіх тэхналогій адыгрывае ў гэтым развіцці важную ролю. Супрацоўніцтва з індыйскімі спецыялістамі дае магчымасць беларускім партнёрам мець доступ да апошніх дасягненняў і распрацовак у IT-сферы. Адным з перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння можа стаць праграмаванне для мабільных прылад, у прыватнасці для платформы Android, а таксама праграмаванне ў аперацыйнай сістэме Linyx. "Па гэтых напрамках кампанія CDAC можа арганізоўваць навучанне беларускіх студэнтаў у Індыі", - дадаў Апурва Кохлі.
Рэгіянальны філіял беларуска-індыйскага вучэбнага цэнтра створаны ў ВДУ ў рамках праекта, які рэалізуецца Паркам высокіх тэхналогій сумесна з індыйскім CDAC. Філіял адкрыты на базе матэматычнага факультэта для павышэння якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў у галіне IT-тэхналогій і ўдасканалення кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ. Спецыяльна абсталяваны клас на 10 працоўных месцаў дасць магчымасць максімальна выкарыстоўваць патэнцыял інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у навучальным працэсе, удзельнічаць у відэа- і інтэрнэт-канферэнцыях, якія праводзяцца Паркам высокіх тэхналогій, а таксама атрымліваць актуальную інфармацыю па найноўшых тэндэнцыях і напрамках развіцця IT-тэхналогій, пераймаць перадавы вопыт у гэтай сферы.
Як адзначыў намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч, унікальнасць праекта ў тым, што створаная інфраструктура дазваляе прыцягваць да навучальнага працэсу кваліфікаваных выкладчыкаў не толькі Мінска, але і іншых краін. Іх лекцыі будуць даступныя як сталічным студэнтам, так і аўдыторыям ва ўсіх чатырох рэгіянальных філіялах беларуска-індыйскага вучэбнага цэнтра. Акрамя таго, патэнцыял цэнтраў дазваляе студэнтам і спецыялістам самастойна праходзіць навучанне па курсах, якія будуць прапаноўвацца на базе вучэбнага цэнтра. "Мы гарантуем, што спецыялісты, якія пройдуць навучанне на такіх курсах, атрымаюць кампетэнцыі, запатрабаваныя кампаніямі-рэзідэнтамі ПВТ, якія ў тым ліку маюць свае прадстаўніцтвы ў абласных цэнтрах і зацікаўлены ў прыцягненні кваліфікаваных работнікаў", - падкрэсліў Аляксандр Марцінкевіч.-0-