Мабільныя брыгады афтальмолагаў абследуюць вясковых школьнікаў у аддаленых вёсках Віцебскай вобласці

Мабільныя брыгады створаны на базе абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра і Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы ў рамках сацыяльнага дабрачыннага праекта па аказанні афтальмалагічнай дапамогі дзецям «Я бачу!». Дадзеную ініцыятыву рэалізуе Беларускі дзіцячы фонд сумесна з кампаніяй velcom | А1 пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя і аблвыканкама.

Афтальмолагі выязджаюць пераважна ў аддаленыя вёскі Віцебшчыны. З дапамогай высокатэхналагічнага партатыўнага абсталявання, прадастаўленага арганізатарамі праекта, правяраюць зрок у дзяцей у сельскіх школах. Пры выяўленні парушэнняў прызначаюць лячэнне, выпісваюць рэцэпты, а пры неабходнасці дадатковага абследавання або аператыўнага ўмяшання накіроўваюць у абласны цэнтр. Таксама спецыялісты даюць рэкамендацыі па захаванні здароўя вачэй юным пацыентам, іх бацькам і педагогам.

Выязныя брыгады ўжо пабывалі ў Сенненскім і Верхнядзвінскім раёнах, дзе ў агульнай складанасці абследавалі каля 1,4 тыс. школьнікаў. Паталогіі органаў зроку выяўленыя ў 38% навучэнцаў, у 16% з іх дыягназ устаноўлены ўпершыню. На першым месцы сярод выяўленых парушэнняў – блізарукасць. На другім месцы апынуўся спазм акамадацыі – засмучэнне з-за працяглай нагрузкі на вочы (па назіраннях акулістаў, часта выклікана захапленнем дзяцей камп'ютарамі, планшэтамі, смартфонамі), якое пры несвоечасовым лячэнні можа перарасці ў міяпію. І толькі ў 60% абследаваных не было праблем з вачыма, што лішні раз пацвярджае актуальнасць захавання зроку ў школьнікаў.

Як патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Ірына Міхеенка, вынікі абследаванняў, праведзенных у рамках акцыі, будуць перададзены ў тэрытарыяльныя медыцынскія ўстановы, а таксама абласны дзіцячы клінічны цэнтр. Яна паведаміла, што ў цяперашні час у вобласці сумесна з галоўным упраўленнем па адукацыі ажыццяўляецца дыспансерызацыя дзіцячага насельніцтва па ранняй дыягностыцы парушэнняў зроку.

Праект «Я бачу!» стартаваў 11 сакавіка і завершыцца ў снежні. За гэты час медыкі плануюць абследаваць каля 14 тыс. дзяцей у 19 раёнах. Дарэчы, Віцебшчына стала чацвёртым рэгіёнам, які ўключыўся ў праект. Раней аналагічная праца праведзена ў Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях, дзе агледжана амаль 37 тыс. школьнікаў.

– Праект з'яўляецца яскравым прыкладам прыватна-дзяржаўнага партнёрства, калі грамадская арганізацыя, бізнес-структура, дзяржорганы і ўстановы вырашаюць агульную задачу, у дадзеным выпадку – захаваць здароўе дзяцей, – падсумавала намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова.

"Віцебскія весці".