Мабільныя ФАПы могуць з'явіцца ў Віцебскай вобласці

10 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Мабільныя фельчарска-акушэрскія пункты могуць быць створаны ў Віцебскай вобласці для забеспячэння медыцынскай дапамогай жыхароў невялікіх аддаленых населеных пунктаў. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Стварэнне такіх мабільных брыгад дазволіць з часам замясціць працу стацыянарных ФАПаў у тых месцах, дзе пражывае невялікая колькасць насельніцтва. У вобласці больш за 6 тыс. населеных пунктаў, асобныя малалікія хутары і паселішчы значна аддалены ад райцэнтраў. "У выніку ў зоне абслугоўвання некаторых ФАПаў усяго 200-400 чалавек, хоць яны разлічаны на абслугоўванне прыкладна 800 жыхароў", - адзначыў Юрый Дзеркач. Першы мабільны ФАП мяркуецца стварыць ужо летам гэтага года ў Пастаўскім раёне. У зоне яго абслугоўвання будуць знаходзіцца 3-4 маланаселеныя вёскі, пры гэтым ён будзе працаваць паралельна са стацыянарным пунктам. На практыцы мяркуецца адпрацаваць усе пытанні арганізацыі дзейнасці мабільнага ФАПа, пасля чаго атрыманы вопыт будзе прааналізаваны, вывучана неабходнасць даўкамплектавання абсталяваннем зыходзячы з запатрабаванасці відаў меддапамогі. Нямалаважным фактарам прыняцця канчатковага рашэння па ўкараненні мабільных ФАПаў стане вывучэнне меркавання насельніцтва, ці задавольвае іх такая форма аказання меддапамогі. Гэта дасць магчымасць істотна зэканоміць затраты без пагаршэння якасці і даступнасці меддапамогі для сельскіх жыхароў, лічыць Юрый Дзеркач. Мабільны ФАП мяркуецца базіраваць на машыне хуткай медыцынскай дапамогі, выпуск якіх наладжаны ў СЭЗ "Віцебск". У 2011 годзе вобласць плануе закупіць 88 такіх спецыялізаваных аўтамабіляў, цалкам укамплектаваных адпаведным абсталяваннем, для лячэбных устаноў вобласці, у тым ліку для працы ў сельскай мяснасці. Усяго ў Віцебскай вобласці дзейнічаюць каля 400 ФАПаў.-0-