Мабільныя ФАПы з'явяцца ў малых вёсках Віцебскай вобласці сёлета летам

2 мая, Полацк /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Эксперыментальныя перасоўныя фельчарска-акушэрскія пункты (ФАП) з'явяцца летам 2012 года ў Віцебскай вобласці, расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач. Перасоўныя ФАПы будуць уяўляць сабой прычапныя фургоны, аснашчаныя неабходным абсталяваннем, з аўтаномнай сістэмай ацяплення. Акрамя таго, пасля стварэння адзінага рэгістра пацыентаў Віцебскай вобласці з'явіцца магчымасць выхаду на цэнтралізаваны сервер, дзе будуць размяшчацца медыцынскія даныя аб усіх жыхарах рэгіёна. Доследны ўзор ФАПа заказаны на віцебскім прадпрыемстве "Грандзіскар", якое спецыялізуецца на выпуску спецтэхнікі, у тым ліку аўтамабіляў для хуткай дапамогі. На думку Юрыя Дзеркача, мабільныя ФАПы дазволяць вырашыць праблему аказання медыцынскай дапамогі жыхарам малых вёсак з колькасцю менш за 100 двароў. Утрымліваць стацыянарную медустанову ў такім населеным пункце эканамічна немэтазгодна, але пакідаць без меддапамогі пажылых людзей, якія ў асноўным і пражываюць у такіх вёсачках, ніякім чынам нельга. Медыцынская дапамога павінна быць даступнай, падкрэсліў суразмоўца. Калі эксперымент па стварэнні мабільных ФАПаў сябе апраўдае, упраўленне аховы здароўя мае намер яго распаўсюдзіць на ўсе раёны вобласці. Пры гэтым упраўленнем будзе перагледжана схема размяшчэння раённых станцый хуткай дапамогі для таго, каб малыя вёскі знаходзіліся ў дзесяцікіламетровым радыусе ад станцый. Па словах Юрыя Дзеркача, падобны эксперымент праводзіўся ў Расійскай Федэрацыі, дзе мабільныя фельчарска-акушэрскія пункты паказалі сваю эфектыўнасць.-0-