Мабільныя пункты абагрэву ў маразы пачынаюць дзейнічаць у Віцебску
Два мабільныя пункты абагрэву і харчавання пачынаюць сёння дзейнічаць у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).
Перасоўны пункт абагрэву - гэта палатка з абагравальнікам, дзе людзям, якія пакутуюць ад марозу, будуць прапаноўваць гарачы чай і печыва. Акрамя гэтага, у мабільных пунктах Чырвонага Крыжа можна будзе атрымаць прадуктовыя і гігіенічныя наборы, а таксама цёплую вопратку і абутак.
У кожным мабільным пункце будзе працаваць брыгада валанцёраў з членаў атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК. "Хлопцы маюць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі, але пры неабходнасці будзем прыцягваць да дзяжурстваў і ўрачоў. У мінулыя марозныя зімы нам яшчэ дапамагалі супрацоўнікі міліцыі. У гэтым сезоне будзем дзейнічаць зыходзячы з абставін і патрэб людзей", - падкрэсліў каардынатар моладзевых праграм Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК Дзмітрый Рачкоўскі.
Ён адзначыў, што за адзін дзень мабільны пункт у сярэднім абслугоўвае ад 20 да 50 чалавек. Але ў моцныя маразы пагрэцца і выпіць гарачага чаю да валанцёраў заходзілі і па 70 чалавек у дзень.
Плануецца, што дзейнічаць мабільныя пункты абагрэву ў Віцебску будуць на працягу двух тыдняў. "Будзем аказваць дапамогу да таго часу, пакуль захаваюцца нізкія тэмпературы", - запэўніваюць у абласной арганізацыі БТЧК.
У Оршы, Полацку і Наваполацку будуць дзейнічаць стацыянарныя пункты абагрэву і гарачага харчавання.
У сувязі з усталяванымі нізкімі тэмпературамі Віцебская абласная арганізацыя БТЧК просіць жыхароў рэгіёна аказаць дапамогу ў зборы цёплых рэчаў для патрэбных катэгорый грамадзян (асобы без пэўнага месца жыхарства і малазабяспечаныя). Пункты па зборы зімовага адзення, абутку, коўдраў адкрыты на базе гарадскіх і раённых арганізацый БТЧК па ўсёй тэрыторыі рэгіёна. "Аналіз патрэб мэтавых груп паказаў, што ёсць неабходнасць у мужчынскіх рэчах. Патрэбны швэдры, штаны, курткі, шапкі, рукавіцы, шкарпэткі, зімовы абутак", - растлумачылі ў абласной арганізацыі БТЧК.
Алена Ціханава