Мабільныя пункты прыдарожнага сэрвісу з'явяцца ў Віцебскай вобласці напярэдадні «Славянскага базару».

25 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Напярэдадні міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" на асноўных аўтадарогах, якія вядуць у фестывальную сталіцу, будуць арганізаваны перасоўныя пункты прыдарожнага сэрвісу. Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аблспажыўсаюз сумесна з райвыканкамамі для зручнасці аўтатурыстаў уздоўж дарог усталююць мабільныя пункты гандлю. Акрамя таго, на аўтадарогах будуць устаноўлены ўказальнікі, якія дапамогуць турыстам знайсці крамы і кафэ ў аграгарадках. На ўсіх пяці пунктах пропуску праз беларуска-расійскую мяжу будуць арганізаваны перасоўныя пункты харчавання і пункты абмену валют. Першыя мабільныя аб'екты прыдарожнага сэрвісу з'явяцца ў Віцебскай вобласці ўжо да 1 ліпеня. Віцебская вобласць займае другое месца ў рэспубліцы па працягласці рэспубліканскіх дарог. Аднак шчыльнасць аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу складае 59 адзінак на 1 тыс. км, прытым што сярэднерэспубліканскі паказчык - 108 адзінак на 1 тыс. км. -0-