Мадэльны бізнес-план стварэння транспартна-лагістычнага цэнтра распрацаваны ў Віцебскай вобласці

31 снежня, Віцебск /Сяргей Качатоў - БЕЛТА/. Мадэльны бізнес-план стварэння рэгіянальнага транспартна-лагістычнага цэнтра ў раёне аэрапорта Віцебск для патэнцыйных інвестараў распрацавалі спецыялісты камунальнага навукова-кансалтынга-вага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскі цэнтр рэгіянальных даследаванняў і распрацовак". Распрацоўка выканана па заказе аблвыканкама, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Наталля Берчанка. Мадэльны бізнес-план адлюстроўвае комплекс інвестыцыйных мерапрыемстваў для рэалізацыі праекта, у тым ліку абгрунтаванне аб'ёму інвестыцыйных затрат і разлік тэрмінаў акупімасці інвестыцый. Асноўнай мэтай праекта з'яўляецца стварэнне зручнай інфраструктуры для арганізацый, якія займаюцца перавозкай, захоўваннем і дастаўкай грузаў спажыўцу, а таксама суб'ектаў гаспадарання Віцебскай і Наваполацкай прамысловых зон. Мяркуецца, што транспартна-лагістычны цэнтр стане мультымадальным грузавым тэрміналам, які забяспечвае поўны комплекс паслуг, што адпавядаюць сусветным стандартам. Акрамя таго, транспартна-лагістычны цэнтр будзе выконваць даследаванні рынку транспартна-экспедыцыйных паслуг, а таксама збор, апрацоўку і аналіз інфармацыі аб яго ўдзельніках, у тым ліку наладжваць супрацоўніцтва з партнёрамі з іншых краін. Рэалізацыя такіх праектаў дазволіць павысіць эфектыўнасць транзітнага патэнцыялу тэрыторыі, павялічыць аб'ём экспартных паслуг, а таксама стварыць перспектыўныя працоўныя месцы. Распрацоўка віцебскіх спецыялістаў можа быць запатрабавана ініцыятарамі аналагічных праектаў, а таксама органамі дзяржкіравання пры пошуку інвестараў пад канкрэтныя праекты. Выкарыстанне мадэльнага бізнес-плана дае магчымасць прадставіць патэнцыйнаму інвестару поўны пакет практычнай інфармацыі па праекце, у тым ліку асаблівасці разглядаемага віду бізнесу, разлік рызык па праекце, заканадаўства, якое рэгулюе дадзеную сферу дзейнасці. Акрамя таго, бізнес-план дае магчымасць выбраць найбольш аптымальныя ўмовы рэалізацыі праекта на аснове параўнання розных варыянтаў, у тым ліку фінансавання праекта. Патэнцыйны інвестар можа рэальна ацаніць эфектыўнасць і мэтазгоднасць стварэння транспартна-лагістычнага цэнтра на прапанаванай тэрыторыі і лёгка адаптаваць прапанаваную бізнес-мадэль пад канкрэтныя ўмовы уласнага праекта. Віцебскі цэнтр рэгіянальных даследаванняў і распрацовак створаны ў 2004 годзе на базе Віцебскага аддзела НДЭІ Міністэрства эканомікі. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці цэнтра з'яўляюцца правядзенне разнапланавых даследаванняў у сферы рэгіянальнай эканомікі і сацыялогіі, распрацоўка прагнозаў, праграм, стратэгічных планаў развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў. З 2006 года цэнтр з'яўляецца базавай кансалтынгавай арганізацыяй па Віцебскай вобласці, якая аказвае паслугі ў сферы бізнес-планавання.-0-