Мадэрнізацыя папяровай фабрыкі ў Чашніцкім раёне дазволіла павялічыць аб'ём экспарту ў Польшчу, Літву, Латвію

На папяровай фабрыцы «Чырвоная Зорка» – філіяле ААТ «Светлагорскі ЦКК» – летась была завершана мадэрнізацыя папяровай машыны ПМ-54 і тэхналагічнага патоку масападрыхтоўкі.


Гэта дазволіла значна (больш чым на 160% да ўзроўню мінулага года) наросціць аб'ём выпускаемай прадукцыі (вытворчая магутнасць ПМ вырасла з 33 да 80 тон у суткі), павысіць яе якасць, зэканоміць энергетычныя рэсурсы, прадставіць на рынку канкурэнтаздольны па цане і якасці прадукт, у 1,5 раза павялічыць выручку.

– Выходзім на такія параметры працы, пра якія даўно марылі, — распавядае дырэктар філіяла Аляксандр Свіловіч. – У ліпені заплацілі падатку на прыбытак 403 млн рублёў, выпусцілі прадукцыі амаль на 16 млрд. Гэта далёка не столь, але адзінае, што сёння стрымлівае, – недахоп сыравіны. На нядаўнім пасяджэнні аблвыканкама абмяркоўвалася выкананне дзяржзаказу па пастаўцы макулатуры на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Губернатар паставіў сур'ёзныя задачы перад нарыхтоўчымі і іншымі арганізацыямі, так што, думаю, сітуацыя зменіцца.

Наша мэта — эфектыўная эканамічная дзейнасць, дзякуючы якой прадпрыемства зможа выконваць усе свае фінансавыя абавязацельствы: перад работнікамі, пастаўшчыкамі, банкамі, падатковай інспекцыяй. І самае галоўнае – палепшыць дабрабыт персаналу, а ён непасрэдна звязаны з вынікамі працы. Каэфіцыент адносіны росту прадукцыйнасці працы да заработнай платы ў нас — 1,3. Выручка на аднаго працуючага за першае паўгоддзе склала 168,4 млн рублёў (тэмп росту 143,6%). З месяца ў месяц няхай і патроху, але расце сярэдняя заработная плата. Дарэчы, у ліпені мы перасягнулі за 6 млн рублёў.

Прадукцыя папяровай фабрыкі запатрабавана. Калі раней складскія запасы даходзілі да 60 – 80%, то сёння яны складаюць менш за 15% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці і прыкладна напалову ўжо аплачаны. Рэалізуецца прадукцыя па рэнтабельных цэнах. Экспарт за шэсць месяцаў склаў 1 581 тыс. долараў (156,7% да такога ж перыяду мінулага года). Ідзе актыўная

працу і па дыверсіфікацыі рынку: калі раней 95% прадукцыі пастаўлялася ў Расійскую Федэрацыю, то сёння гэты паказчык знізіўся да 73%. У той жа час павялічылася доля экспарту ў Польшчу, Літву, Латвію. Гандаль з гэтымі краінамі выгадны фабрыцы яшчэ і таму, што ажыццяўляецца за еўра, а паколькі ў гэтай жа валюце ўзяты крэдыты на мадэрнізацыю, то наяўнасць уласных сродкаў для разлікаў з банкам змяншае страты прадпрыемства ад пакупкі валюты і ваганняў курсу. Дасягнуты дамоўленасці з польскім бокам аб павелічэнні абароту, праўда, для гэтага трэба ўдасканальваць лагістыку.

– Мы — прадпрыемства дзяржаўнае і лічым грошы нават скрупулёзна, чым прыватны бізнес. У нас высокакваліфікаваныя эканамісты, бухгалтары, праграмісты — яны наперад пралічваюць, дзе можна зэканоміць, — падкрэслівае Аляксандр Ягоравіч. – Каб знізіць выдаткі, і свае, і партнёраў, перанеслі ў Чашнікі мытны склад – цяпер не трэба арэндаваць памяшканні ў Лепелі, везці туды прадукцыю на растаможку. З кастрычніка мінулага года адмовіліся ад прыроднага газу на карысць мазуту і дзякуючы гэтаму за сем месяцаў зэканомілі больш за 8,8 млрд рублёў. Агульная ж эканомія за гэты перыяд склала звыш 20 млрд. Ушчыльную наблізіліся да выканання задачы, пастаўленай Прэзідэнтам, — зніжэнне затрат на 25%. У гэтым годзе плануем знізіць затраты на 35,5 млрд рублёў. За шэсць месяцаў зніжэнне сабекоштасці прадукцыі склала 21%. Усё гэта істотна ўплывае на фінансавы вынік. Галоўным рэзервам застаецца павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці.

Чакаюць на «Чырвонай Зорцы» і прыняцця ўказа аб забароне вывазу макулатуры з краіны. Без яго, як толькі пачынаецца дэфіцыт на сыравінным рынку, адразу ж падае якасць макулатуры, якая паступае на прадпрыемства для перапрацоўкі. То бок усё найбольш каштоўнае ідзе за мяжу. Праўда, на фабрыцы навучыліся і з не самай лепшай сыравіны выпускаць якасную і запатрабаваную прадукцыю, але знос абсталявання ў такім выпадку нашмат вышэйшы.

Дарэчы, дзякуючы мадэрнізацыі прыкметна палепшыліся ўмовы працы, клопат пра чалавека быў і застаецца на першым месцы.

Алена Целятко, фотааўтара. «Віцебскія весці».