Мадэрнізацыя гарбарнай вытворчасці дазволіць нарасціць экспарт айчыннага абутку - гендырэктар «Белвеста»
Мадэрнізацыя гарбарнай вытворчасці ў Беларусі дазволіць наросціць экспарт айчыннага абутку і скараціць імпарт. Такую думку ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў генеральны дырэктар сумеснай арганізацыі з абмежаванай адказнасцю "Белвест" Юрый Суманееў, каментуючы Пасланне Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
"Як вытворцы абутку мы толькі вітаем рашучасць кіраўніка дзяржавы і ўрада ў імкненні мадэрнізаваць гарбарныя прадпрыемствы Беларусі. Якасныя скуркі - аснова нашай вытворчасці. Маючы айчынную сыравіну, якая адпавядае сусветным стандартам, "Белвест" зможа скласці прыкметную канкурэнцыю імпартным вытворцам і значна наросціць экспарт сваёй прадукцыі", - упэўнены Юрый Суманееў.
У бягучым годзе "Белвест" мае намер інвеставаць у асноўны капітал $20 млн. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на пашырэнне тавараправоднай сеткі, у тым ліку за мяжой, і стварэнне вытворчага падраздзялення ў Бешанковічах. У гэтым райцэнтры восенню ўступіць у строй першая чарга прадпрыемства па раскроі і зборцы нарыхтовак верха абутку вытворчай магутнасцю 1 тыс. пар у суткі.
Беларуска-расійскае СААА "Белвест" з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Беларусі вытворцаў абутку. Прадпрыемства створана ў чэрвені 1988 года пры ўдзеле віцебскай абутковай фабрыкі "Чырвоны Кастрычнік" і кампаніі Salamander (Германія), з'яўляецца адным з першых сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. У канцы 2002 года "Белвест" стаў беларуска-расійскім прадпрыемствам. У цяперашні час ва ўстаўным фондзе СААА "Белвест" дзяржаве належыць 55% акцый.