Мадэрнізацыя Аршанскага льнокамбіната падштурхне тэхпераўзбраенне ўсёй ільнопрамысловасці - У.Паўлоўскі

23 верасня, Орша /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Тэхнічнае перааснашчэнне Аршанскага льнокамбіната падштурхне тэхпераўзбраенне ўсёй ільнопрамысловасці Беларусі. Такую думку карэспандэнту БЕЛТА выказаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Паўлоўскі. Ён прымае ўдзел у нарадзе па пытаннях эфектыўнай работы Аршанскага льнокамбіната, якую праводзіць у Оршы прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі. На прадпрыемстве з 2007 года рэалізуецца праграма тэхнічнага пераўзбраення ўсіх чатырох фабрык, якія ўваходзяць у склад камбіната. У 2008 годзе пачаты маштабныя работы па ўстаноўцы 258 адзінак новага абсталявання і мадэрнізацыі 123 адзінак дзеючага. Па словах Васіля Паўлоўскага, з завяршэннем перааснашчэння Аршанскаму льнокамбінату спатрэбіцца высакаякаснае ільновалакно нумарамі 12, 13, 14, 15. Каб яго вырабляць, льнозаводам неабходна новае абсталяванне, а сельгаспрадпрыемствам - сучасная тэхніка, растлумачыў ён. Мадэрнізацыя ільнаводчай галіны ўжо пачалася. Сёлета абноўлена каля 10% тэхнікі для вырошчвання лёну. На двух льнозаводах - Дубровенскім і Дварэцкім - працуе бельгійскае абсталяванне, якое дазваляе выпускаць ільновалакно нумарамі ад 12 да 15. Такія ж сучасныя тэхналагічныя лініі будуць устаноўлены яшчэ на 10 льнозаводах краіны. Аднак разам з мадэрнізацыяй вытворчасці трэба будзе і аптымізацыя льнозаводаў. Мяркуецца, што з 49 цяпер дзеючых у перспектыве застанецца 22 льнозаводы. Як лічыць Васіль Паўлоўскі, такая праграма тэхнічнага пераўзбраення галіны дазволіць на працягу 2-3 гадоў асвоіць вытворчасць высакаякаснага лёну і ільновалакна, неабходнага абноўленаму Аршанскаму льнокамбінату. -0-