Мадэрнізацыя прадпрыемстваў з'яўляецца адной з прыярытэтных праграм развіцця Віцебскай вобласці - А.Косінец

25 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў з'яўляецца адной з прыярытэтных праграм развіцця Віцебскай вобласці на бліжэйшыя гады. Пра гэта сказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Пытанне мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, якое кіраўнік дзяржавы паставіў на нарадзе аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2012 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2013 год, асабліва актуальна для Віцебскай вобласці. Прыкладна 90% асноўных фондаў прампрадпрыемстваў зношаны або састарэлі. Акрамя таго, перад вобласцю стаіць яшчэ адна важная мэта - скараціць да 35% удзельную вагу прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі ў агульным аб'ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі за кошт павелічэння долі іншых прадпрыемстваў. Перш за ўсё размова ідзе аб развіцці радыёэлектронікі, машынабудавання, перапрацоўчай прамысловасці, якія таксама маюць патрэбу ў абнаўленні. Менавіта таму ў вобласці ў 2009 годзе была прынята праграма развіцця прамысловасці на перыяд да 2015 года, якая вызначыла задачы для кожнага прадпрыемства па выпуску канкурэнтаздольнай інавацыйнай прадукцыі. Вынікам рэалізацыі гэтай праграмы стаў рост экспарту прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці. У студзені-жніўні бягучага года тэмп росту экспарту склаў 404%. Станоўчае сальда знешнегандлёвага абароту за гэты перыяд перавысіла $1,4 млрд. пры $290 млн. запланаваных. Блізіцца да завяршэння абнаўленне вытворчых магутнасцей на малакаперапрацоўчых і мясаперапрацоўчых прадпрыемствах вобласці. Разам з тым Аляксандр Косінец перакананы, што прадпрыемствам неабходна больш актыўна прыцягваць да рэалізацыі гэтай праграмы ВНУ і акадэмічную навуку.-0-