Мадэрнізацыю прадпрыемстваў у Віцебскай вобласці будуць фінансава стымуляваць

Модернизацию предприятий в Витебской области будут финансово стимулировать

Фінансавае стымуляванне мадэрнізацыі прадпрыемстваў Віцебскай вобласці будзе закладзена ў бюджэце рэгіёна на 2013 год. Пра гэта сёння падчас абмеркавання бюджэту вобласці на 2013 год на сумесным пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама і прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першапачаткова прапанаваная фінансавым упраўленнем сума ў памеры Br2 млрд., якую меркавалася накіроўваць на пагашэнне працэнтаў па крэдытах банкаў прадпрыемствам, якія рэалізуюць вялікія мадэрнізацыйныя праекты, не знайшла падтрымкі ні ў членаў аблвыканкама, ні ў членаў прэзідыума аблсавета. "Каб эканоміка працавала эфектыўна, неабходна абнаўленне вытворчых магутнасцей", - падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Новацкі.

Аляксандр Косінец падкрэсліў, што кіраўнікі прадпрыемстваў павінны быць самі зацікаўлены ў іх развіцці, аднак падтрымаў ідэю аб фінансавым стымуляванні.

Мяркуецца, што прафіцыт бюджэту вобласці ў 2013 годзе складзе звыш Br2 трлн., з якіх Br200 млрд. будуць накіраваны на стымуляванне працэсаў мадэрнізацыі. Астатнія сродкі будуць накіраваны на жыллёва-камунальную гаспадарку для капітальных і бягучых рамонтаў жылога фонду, на развіццё спорту, на закупку мінеральных угнаенняў для сельгасарганізацый, дзяржаўнаму канцэрну "Мясамолпрам" для працягу работ па рэканструкцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў, а таксама на падрыхтоўку Гарадка да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2014".

БЕЛТА