Мадэрнізаваную лінію сепарацыі торфу адкрыў «Віцебскаблгаз» у Аболі

Запуск мадэрнізаванай лініі сепарацыі торфу адбыўся на вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу ВА «Віцебскторф» у гарадскім пасёлку Обаль Шумілінскага раёна.

Генеральны дырэктар УП «Віцебскаблгаз» Пётр Шэршань, намеснік генеральнага дырэктара па прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці Канстанцін Пачэпка, старшыня Шумілінскага райвыканкама Алег Быкаў і начальнік ВА «Віцебскторф» Віталь Няспляк запускаюць новую лінію ў працу.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня Шумілінскага райвыканкама Алег Быкаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар УП «Віцебскаблгаз» Пётр Шэршань, кіраўнікі і работнікі прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сістэму Віцебскаблгазу.

— Мадэрнізацыя была праведзена ў кароткі тэрмін, — адзначыў кіраўнік ВА «Віцебскторф» Віталь Няспляк. — Абсталяванне выраблена на магілёўскім ААТ «НДІстромаўталінія», усе будаўнічыя работы выканала Шумілінская ПМК‑70.

Мадэрнізацыя дазволіла аўтаматызаваць усе тэхналагічныя працэсы, звязаныя з вытворчасцю прадукцыі, павялічыць аб'ёмы, палепшыць якасць і пашырыць асартымент торфапрадукцыі, скараціць страты торфу на вытворчасці. Праведзеная мадэрнізацыя, а таксама ўвядзенне новых плошчаў торфаздабычы, па ацэнках спецыялістаў, забяспечаць стабільную працу прадпрыемства на 30 гадоў.

Пётр Шэршань падзякаваў за добрасумленную, аператыўную і якасную працу, адзначыўшы, што ў гэтым заслуга ўсіх прадпрыемстваў Віцебскаблгазу, якія ўносілі свой уклад у рэканструкцыю і мадэрнізацыю торфапрадпрыемстваў у Крулеўшчыне (Докшыцкі раён), Обалі (Шумілінскі раён) і Акцябрскім (Чашніцкі раён).

Алег Быкаў падкрэсліў, што новая вытворчасць — гэта новыя працоўныя месцы з высокай і стабільнай зарплатай, што мае вялікае значэнне для Обалі.

Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з працай лініі, а таксама з вялікім асартыментам прадукцыі, якую вырабляе «Віцебскторф». Пасля запуску лініі адбыліся падвядзенне вынікаў работы прадпрыемства і цырымонія ўзнагароджання лепшых работнікаў ВА «Віцебскторф» і УП «Віцебскаблгаз».

"Витьбичи".