Мадэрнізаваны рэнтген-кабінет адкрылі ў Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі

Сучасны рэнтгенаўскі дыягнастычны стацыянарны апарат «Космас 535» устаноўлены ў адрамантаваным рэнтген-кабінеце. Кошт абсталявання складае 188 тыс. руб. На мадэрнізацыю памяшканняў рэнтгеналагічнага кабінета пад устаноўку новага апарата асвоена 174 тыс. руб.

- Сёння, адкрываючы рэнтген-кабінет у траўматалагічным пункце бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, павінен адзначыць, што актуальнасць яго перш за ўсё ў тым, што да гэтага тут выкарыстоўваўся апарат старога ўзору, - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі. - Цяпер тут усталяваны ацыфраваны апарат беларускай вытворчасці, які дазволіць, па-першае, знізіць нагрузку як на пацыента, так і на медыцынскага работніка. На ім можна значна хутчэй апрацоўваць інфармацыю і даваць заключэнне. Па-другое, з улікам асаблівасцей сённяшняга надвор'я, калі траўмапункт з'яўляецца месцам пільнай увагі (не па сваім жаданні) нашых грамадзян, таму хочацца, каб апрацоўка інфармацыі была максімальна хуткай, адпаведна - у дапамогу траўматолагам і нейрахірургам - і лячэнне прызначалася максімальна хутка. Гэта ўжо чацвёрты такі беларускі рэнтген-апарат, які ўсталяваны ў абласным цэнтры за бягучы год.

Адказваючы на пытанні карэспандэнтаў аб найбліжэйшых планах па далейшым развіцці, Міхаіл Вішневецкі адзначыў, што за кошт рэспубліканскага бюджэту для бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ўжо атрыманы камп'ютарны тамограф, які прыйдзе на змену старому, што стане значнай падмогай у дыягностыцы і лячэнні розных захворванняў. Тут ужо прыступілі да будаўніча-мантажных работ, у найбліжэйшы час будзе падрыхтавана памяшканне і ў пачатку наступнага года КТ уведуць у эксплуатацыю. Таксама да канца года плануецца адкрыццё спальнага корпуса на 166 месцаў у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Жамчужына».

"Віцебскія весці"