Малебнам і хросным ходам па вуліцах горада праваслаўныя вернікі Віцебска адзначылі Успенне Прасвятой Багародзіцы
Поўная яго назва – Успенне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Дзевы Марыі. Гэта апошняе двунадзесятае свята праваслаўнага царкоўнага года, які заканчваецца 13 верасня па новым стылі. Да яго хрысціян вядзе двухтыднёвы Успенскі пост, па строгасці параўнальны з Вялікім постам.
На Успенне наведваюць храм, дзе чытаюць малітвы аб здароўі, дапамагаюць тым, хто мае патрэбу. У Віцебску ўрачыстасці пачаліся з малебна ў храме Святога велікамучаніка Георгія Пераможцы. А пасля заканчэння службы вернікі прайшлі хросным ходам па вуліцах горада да Свята-Успенскага кафедральнага сабора. Шэсце завяршылася ўрачыстым малебным спевам ля сцен галоўнага храма Віцебска.
– Першыя дакументальныя звесткі аб існаванні праваслаўнай царквы Прасвятой Багародзіцы на Прачысценскай гары, у месцы зліцця Віцьбы і Заходняй Дзвіны, адносяцца да 1406 года. А ўжо да пачатку XV стагоддзя тут з'явілася царква Успення Прасвятой Багародзіцы, і дамінуючая вышыня ў горадзе атрымала назву Успенскай гары. Свята-Успенскі кафедральны сабор прайшоў складаны гістарычны шлях. Ён гінуў у агні і разбураўся рукамі іншаверцаў, адраджаўся і падымаўся зноў, яго захоўвае Багародзіца, – адзначыў прэс-сакратар Віцебскай епархіі протаіерэй Андрэй Смальскі.
Пасля заканчэння службы да вернікаў звярнуўся архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, які павіншаваў усіх са святам Успення і падкрэсліў, што Прасвятая Багародзіца – нябесная заступніца і апекунка і суцяшальніца.
Багамаці ў народзе асацыявалася з Матушкай-Зямлёй. Таму нашы продкі на Успенне праводзілі абрад асвячэння дароў зямлі. Святой вадой крапілі колас пшаніцы, плады, гародніну, насенне. Лічылася, што малітва ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы аб вылячэнні будзе абавязкова пачута і чалавек здабудзе здароўе. Пасля наведвання храма дома накрываўся святочны стол, на якім былі дары лесу, у тым ліку грыбы, ягады, арэхі. Дарэчы, заўтра адзначаецца трэці Спас – Арэхавы.