Маліцца за цвярозыя сем’і і моладзь будуць у Мосары Віцебскай вобласці 2 кастрычніка
28 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Маліцца аб цвярозасці сем'яў будуць у Мосары (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у Дзень цвярозасці 2 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мосарскім прыходзе Рымска-каталіцкай царквы Беларусі.
Пачатак традыцыі Дня цвярозасці быў закладзены ў 2007 годзе тагачасным пробашчам прыхода ксяндзом Юзэфам Булькам і прадстаўнікамі таварыства ананімных алкаголікаў. Па іх прапанове каля касцёла Святой Ганны была закладзена Алея цвярозасці. У сёлетні Дзень цвярозасці на алеі будзе асвечана фігура Хрыста, а затым перад рэліквіямі святога Юстына вернікі будуць маліцца аб цвярозасці сем'яў, моладзі і ўсяго народа.
Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы Глыбоцкага райвыканкама Міхаіл Чарапкоўскі, на тэрыторыі вёскі Мосар з лета 2009 года па ініцыятыве нябожчыка Юзэфа Булькі і пры падтрымцы парафіян дзейнічае зона цвярозасці: у крамах не прадаецца спіртное. -0-