Моладзь Лёзненскага раёна на працягу года будзе спаборнічаць у творчасці і спартыўным майстэрстве
5 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Моладзь Лёзненскага раёна на працягу ўсяго года будзе спаборнічаць у творчых здольнасцях і спартыўным майстэрстве, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Лёзненскага райвыканкама Таццяна Шульган.
У гадавым праекце "Мы разам!" прымаюць удзел сем каманд працуючай моладзі, якія прадстаўляюць працоўныя калектывы сельгаспрадпрыемстваў "Адаменкі", "Рубежніца", "Новая Дубрава", "Крынкі", раённага вузла паштовай сувязі і філіяла ААТ "Беларусбанк". На першых двух этапах маладыя людзі ўжо паспелі паказаць сваю спартыўную загартоўку падчас масленічных гулянняў і вынаходлівасць у віншаваннях да 8 сакавіка і 23 лютага. У красавіку ўдзельнікам трэба будзе "запаліць" залу з забаўляльнай праграмай, а ўлетку прадэманстраваць вынікі выканання задання па добраўпарадкаванні тэрыторыі свайго дома і прайсці яшчэ адзін творчы тур.
Да 10 кастрычніка, Дня вызвалення Лёзна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прымеркаваны конкурс грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі. Вынікі праекта будуць агучаны на калядных святах падчас вялікага гала-канцэрта, падрыхтаванага ўдзельнікамі.
Яшчэ адзін цікавы праект - "Цудоўная пяцёрка", які дазваляе рэалізаваць моладзі свой творчы патэнцыял, - стартуе ў раёне ў красавіку. Удзельнікам трэба будзе спяваць, танцаваць, а таксама сваімі сіламі падрыхтаваць відэакліп да любой песні.
Арганізатарамі мерапрыемстваў выступаюць аддзел па справах моладзі Лёзненскага райвыканкама, раённая арганізацыя БРСМ.-0-