Моладзь не страціла цікавасці да сур'ёзнай драматургіі - Р.Янкоўскі

14 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Моладзь не страціла цікавасці да сур'ёзнай драматургіі. Такое меркаванне выказаў сёння народны артыст Беларусі і СССР Расціслаў Янкоўскі на "Зорным часе" - традыцыйнай для фестывалю прэс-канферэнцыі са знакамітасцямі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Я спецыяльна звяртаў увагу на гледацкую аўдыторыю. Моладзь наведвае тэатр. І ходзіць на сур'ёзную драматургію", - адзначыў Расціслаў Янкоўскі. У якасці прыкладу ён прывёў "Землянічную паляну" І.Бергмана з рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, у якім служыць. "Гэта гісторыя пра бяздушнага, апушчанага старога, які бесмэтна пражыў жыццё і толькі пад канец усвядоміў гэты факт. Гэта вельмі складаная рэч, але на яе прыходзіць шмат моладзі", - канстатаваў артыст, дадаўшы, што нават цяпер, у спякоту, зала тэатра запоўнена. Сваё меркаванне Расціслаў Янкоўскі выказаў і на пытанне, што ж прыцягвае гледача ў тэатр у першую чаргу - акцёр ці рэжысёр. Па яго глыбокім перакананні, гэта Акцёр або Актрыса. "Менавіта іх гульня і мае першаступеннае значэнне. Роля рэжысёра, ад якога таксама шмат што залежыць, усё ж другасная. Гледачоў прыцягвае менавіта акцёр, яны ідуць у тэатр, каб убачыць гульню ўпадобанага артыста. Прынамсі, так было раней і так захавалася ў нашым тэатры", - сказаў артыст, адзначыўшы, што ў цяперашні час у Расіі з'явілася тэндэнцыя хадзіць на "модных" рэжысёраў. Разам з гэтым Расціслаў Янкоўскі адзначыў значнасць ролі рэжысёра: "Я ў любым выпадку з вялікай павагай стаўлюся да гэтай працы, таму што акцёр і рэжысёр - вельмі розныя прафесіі. Знайсці добрага рэжысёра вельмі складана з-за таго, што ён павінен вырасці, прайсці перыяд творчых метанняў, усвядоміць сябе, саспець. Гэта вельмі складаны працэс". Расціслаў Іванавіч Янкоўскі - знакавая асоба ў беларускім тэатры і кіно, народны артыст Беларусі і СССР, уладальнік ордэна і медаля Францыска Скарыны, прэміі "За духоўнае адраджэнне" і іншых прэстыжных узнагарод, ганаровы грамадзянін горада-героя Мінска, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра. На яго рахунку - больш за 160 галоўных роляў у класічным, сучасным і замежным рэпертуары. За ўвесь перыяд сваёй творчай дзейнасці яму ўдалося стварыць шэраг запамінальных вобразаў. Прыхільнікам тэатральнага мастацтва няма патрэбы прадстаўляць гэтага бліскучага артыста. Кінагледачам ён добра знаёмы па ролях у кінафільмах "Служили два товарища" (Васільчыкаў), "Я, Францыск Скарына" (Іван Скарына), "Руины стреляют..." (камандзір партызанскага атрада), "Сказка о звездном мальчике" (гаспадар Сузор'я), "Статский советник" (Храпаў), "В июне 41-го" (Войцех Бельскі) і інш. -0-