Моладзь Полацкага раёна добраўпарадкуе на турзлёце бераг возера Белае

Моладзь Полацкага раёна добраўпарадкуе на турзлёце бераг возера Белае, паведамілі ў Полацкім райвыканкаме.

Турыстычны злёт, прысвечаны Году малой радзімы, пройдзе на беразе гэтага вадаёма 17-18 жніўня і збярэ каля 250 актывістаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Разам з тым яго ўдзельнікі вырашылі не проста паспаборнічаць у традыцыйных для ўсіх аматараў актыўнага адпачынку конкурсах і спаборніцтвах, але і правесці акцыю "Падарунак малой радзіме", падчас якой плануюць добраўпарадкаваць на возеры новую зону адпачынку для мясцовых жыхароў і гасцей раёна.

На беразе з'явяцца лаўкі і столікі для пікнікоў, пясочніцы, арэлі і турнікі для дзіцячых забаў і многае іншае, што зробіць адпачынак ля маляўнічага возера больш камфортным. "Удзельнікі турзлёту будуць узнагароджаны не толькі дыпломамі і прызамі за перамогі ў спаборніцтвах, але і падзякай землякоў за добрую справу і свой уклад у развіццё малой радзімы", - дадалі ў райвыканкаме.

БЕЛТА.