Моладзь у дыялогу культур
Цяжка пераацаніць значэнне такога феномену, як мова. Яна так ці інакш закранае ўсе пласты нашага жыцця, і што ўжо сціпла – дапамагае нам жыць. Без яе – Вавілонская вежа стала б рэаліяй сённяшняга дня. І адзінае, што мова патрабуе ўзамен – памяць: шанаваць уласныя моўныя традыцыі і не аддаваць забыццю гэта спадчына – што можа быць прасцей, што можа быць цяжэй.
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, свята, якое наўпрост заклікае звярнуць увагу на родную мову і адначасова падкрэслівае ўнікальнасць кожнай культуры. А яшчэ гэта свята, у гонар якога ў Цэнтры нацыянальных культур адбудзецца вечар-сустрэча «МОЛАДЗЬ У ДЫЯЛОЗЕ КУЛЬТУР». Калі ахарактарызаваць гэта мерапрыемства адным словам, то слова «калейдаскоп» падыдзе як нельга дарэчы. Вечар збярэ прадстаўнікоў з Туніса, Азербайджана, Туркменістана, Кітая, а таксама членаў нацыянальных дыяспар Віцебска: латышоў, беларусаў, яўрэяў, рускіх. Удзельнікі сустрэчы прадставяць свае краіны: раскажуць пра асаблівасці нацыянальных культур, мовы, прадэманструюць фактычны матэрыял (прэзентацыя будзе суправаджацца відэа- і фотаматэрыяламі).
Выступяць на сустрэчы і знакамітыя госці: Вольга РУСІЛКА, дацэнт і кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, загадчыца кафедры беларускай літаратуры ВДУ ім. П. М. Машэрава, Андрэй ГЕРАШЧАНКА, старшыня Віцебскага гарадскога аб'яднання «РУСКІ ДОМ», член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, а таксама Рута БЕЛЬГЕСОВА, супрацоўнік Консульства Латвійскай Рэспублікі ў г. Віцебску.
Як мова аб'ядноўвае нацыю? Якую ролю яна адыгрывае ў жыцці народа? У чым асаблівасць нашай роднай мовы? Гэта толькі частка пытанняў, якія будуць узняты для сумеснга абмеркавання.
Спецыяльна да Міжнароднага дня роднай мовы Цэнтр нацыянальных культур выпусціць невялікае падарункавае выданне для ўдзельнікаў сустрэчы, а менавіта, міні-слоўнік з хадавымі фразамі на беларускай мове. У ходзе мерапрыемства ўсе замежныя госці ўпішуць у гэтыя слоўнікі транскрыпцыю беларускамоўных фраз на сваёй роднай мове. Вось такі слоўнікавы трэнінг!
Вечар-сустрэча адбудзецца 21 лютага а 16.00 у Цэнтры нацыянальных культур (Канцэртная зала «Віцебск», парк Фрунзе, 1, каб. 302). Тэлефон для даведак: 37-34-86.