Моладзь Віцебскай вобласці на прыём да венералога аддае перавагу запісвацца праз Інтэрнэт
16 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Моладзь у Віцебскай вобласці на прыём да венеролага ўсё часцей аддае перавагу запісвацца праз Інтэрнэт. Пра гэта паведаміў сёння журналістам галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера Віктар Спірыдонаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Адзінаму дню здароўя "Прафілактыка інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам", які пройдзе ў Беларусі 18 лютага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Так, калі ў 2009 годзе магчымасцю запісацца на прыём да ўрача скурна-венералагічнага дыспансера скарысталася амаль 100 чалавек, то за паўтара месяца цяперашняга года - каля 20. Пры гэтым у асноўным гэта моладзь, адзначыў галоўны ўрач.
Паступовае павышэнне ўзроўню доступу насельніцтва да Інтэрнэту і камп'ютарызацыя медустаноў, укараненне тэлемедыцыны ў практыку працы ўрачоў дазволілі ў разы павысіць інфармаванне па пытаннях рэпрадуктыўнага здароўя і даступнасць медыцынскай дапамогі. Асабліва актуальным гэта аказалася для маладых людзей - самых актыўных карыстальнікаў Сусветнай павуціны, адзначыў Віктар Спірыдонаў.
Спецыялісты Віцебскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера ўжо больш за пяць гадоў аказваюць бясплатныя інтэрнэт-кансультацыі на сваім сайце. За мінулы год яны адказалі больш чым на 400 зваротаў. І гэтая праца прыносіць свае плады: на працягу апошніх гадоў у рэгіёне адзначаецца ўстойлівае зніжэнне захворвання на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Акрамя таго, больш за 50% наведванняў маладымі людзьмі ўрача-венеролага носяць прафілактычны характар, дадаў спецыяліст.-0-