Моладзь Віцебшчыны адправілася на байдарках у трохдзённы водны паход
Рассекаючы воды ракі, працуючая моладзь з усіх куткоў Віцебшчыны падарожнічала па роднаму краю.
У трохдзённым водным паходзе, прымеркаваным да 70-годдзя Вялікай Перамогі і Года моладзі, прынялі ўдзел каля 20 чалавек. Свой шлях па Дняпры яны пачалі ў Дубровне пасля ўскладання вянкоў да помніка Героя Савецкага Саюза Ганны Нікандравай. Аддалі гонар адышоўшым воінам Вялікай Айчыннай і ля помніка першаму залпу «катюш» у Оршы, дзе для гэтага зрабілі прыпынак. Водны шлях працягваўся практычна да мяжы Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Арганізавалі падарожжа сектар моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і абласны камітэт БРСМ.
– Гэта ўжо чацвёртае лета, калі мы адпраўляемся ў водны паход, але кожны раз змяняецца маршрут, каб наша моладзь магла пазнаёміцца з новымі мясцінамі Віцебшчыны, – адзначыў намеснік загадчыка аддзела арганізацыйнай і праграмнай дзейнасці абкама БРСМ Вячаслаў Хрол. – Такія паходы прылучаюць да здаровага ладу жыцця, даюць магчымасць абмяняцца вопытам работы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў розных рэгіёнах. І, вядома, мы не забываем пра грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, узгадваючы герояў вайны і памятныя падзеі.
Напоўнены падзеямі аказаўся і сам паход. На вадзе маладыя людзі спаборнічалі ў манеўраванні на байдарках, а падчас стаянак гулялі ў домбайскі валейбол (гэта значыць, не бачачы суперніка), адказвалі на пытанні «Брэйн-рынга», прайшлі жартаўлівую эстафету і сустракалі Нептуна. Традыцыйныя каша на вогнішчы і песні пад гітару дапоўнілі паход рамантыкай і сонечным настроем, якія надоўга запомняцца яго ўдзельнікам.
Вольга Маслоўская, «Віцебскія весці».