Моладзь Віцебскай і Смаленскай абласцей адправіцца ў водны паход па Заходняй Дзвіне

Шосты абласны водны турыстычны паход, прысвечаны 72-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пройдзе 11 – 13 жніўня.

Штогод ён праводзіцца з мэтай патрыятычнага выхавання моладзі, умацавання здароўя, фарміравання вопыту бяспечнай жыццедзейнасці, папулярызацыі актыўнага адпачынку і выхавання экалагічнай культуры. Як паведамілі ў абласным камітэце БРСМ, традыцыйна ў паходзе прымае ўдзел працуючая моладзь прадпрыемстваў і арганізацый Віцебскай вобласці. А вось дэлегацыя Смаленскай вобласці Расіі далучыцца да нашых рабят упершыню.

Гэта прадстаўнікі Расійскага саюза моладзі і аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр псіхолага-педагагічнай і сацыяльнай дапамогі дзецям і сем'ям «Рады будучыні», з якімі ў Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ заключана пагадненне аб супрацоўніцтве. Усяго ў паход адправяцца каля 30 чалавек.

Старт будзе дадзены ў Віцебску. У першы дзень канечнай кропкай маршруту стане вёска Якубава Віцебскага раёна. Тут удзельнікі размесцяцца на начлег у палатках. Акрамя таго, на беразе Дзвіны пройдуць спаборніцтвы па валейболе, дартсе і інтэлектуальная гульня.

На другі дзень удзельнікам трэба будзе праплысці да вёскі Бокішава. У ліку спаборніцтваў – паласа перашкод на ўчастку ракі, гумарыстычная паласа перашкод, а таксама забаўляльная праграма «Сустрэча Нептуна» і прысвячэнне ў «водныя турысты»! На трэці дзень моладзь прыбудзе ў Бешанковічы.

У абкаме БРСМ адзначаюць: паход віцебскай і смаленскай моладзі – нагода разам успомніць агульныя старонкі гісторыі, праплысці па мясцінах баявой славы дзядоў, якія разам здабывалі Перамогу.

Вольга Маслоўская, «Віцебскія весці». Фота прадастаўлена Віцебскай абласной арганізацыяй БРСМ.