Моладзь Віцебскай вобласці 26-28 сакавіка пазмагаецца ў тэхніцы пешаходнага турызму
25 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Абласныя адкрытыя спаборніцтвы па тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях пройдуць у Віцебску 26-28 сакавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.
Удзельнікамі стануць каманды з 17 раёнаў - усяго каля 260 чалавек, а таксама госці з Расіі - смаленская дэлегацыя.
Турнір будзе праводзіцца ў дзвюх узроставых групах: падлеткі 12-15 гадоў і моладзь 16-18 гадоў. Удзельнікам трэба будзе пазмагацца ў конкурсах прадстаўлення каманд, турыстычнай песні, а таксама прадэманстраваць навыкі турыстычнай падрыхтоўкі. Пераможцы і прызёры спаборніцтваў у агульнакамандным заліку і асобных відах конкурснай праграмы кожнай узроставай групы будуць узнагароджаны кубкамі, дыпломамі і памятнымі прызамі.
Мерапрыемства заклікана папулярызаваць турызм у моладзевым асяроддзі, спрыяць удасканаленню тэхнікі маладых спартсменаў. Арганізатарамі выступаюць аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскае абласное аб'яднанне па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі.-0-