Маладзёжныя валанцёрскія атрады Віцебскай вобласці пачынаюць перадсвяточныя акцыі
Старт сумесным перадсвяточным дабрачынным акцыям БРСМ і БРПА, а таксама Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Віцебскай вобласці дадзены сёння падчас першага абласнога злёту валанцёрскіх атрадаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, тэрытарыяльныя валанцёрскія атрады прымуць удзел у акцыі "Нашы дзеці", або, як яе называюць у некаторых атрадах, "Цуды на Каляды". З віншаваннямі, падарункамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі яны наведаюць дзіцячыя сацыяльныя, інтэрнатныя ўстановы, аддзяленні дзённага знаходжання, сем'і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды.
Як растлумачылі прадстаўнікі валанцёрскага руху БРСМ "Добрае сэрца", галоўнай падзеяй перадсвяточных дзён стане Дзень дабра, які будзе адзначацца 17 снежня. Плануецца цэлы шэраг мерапрыемстваў па аказанні валанцёрамі дапамогі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, адзінокім і самотным пенсіянерам, наведванне сацыяльных і рэабілітацыйных цэнтраў. А кульмінацыяй Дня дабра стане дабрачынны нон-стоп марафон "Усе фарбы жыцця для цябе" з удзелам зорак беларускай эстрады і дзіцячых творчых калектываў абласнога цэнтра ў доме культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Усе сабраныя ад продажу білетаў сродкі будуць накіраваны на набыццё медыцынскага абсталявання для падапечных Віцебскага гарадскога спецыялізаванага дома дзіцяці.
У першым абласным валанцёрскім злёце прынялі ўдзел атрады руху БРСМ "Добрае сэрца", цімураўскія атрады БРПА ўстаноў адукацыі вобласці, валанцёры абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама навучэнцы Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. Упершыню маладыя добраахвотнікі з розных арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў рэгіёна сустрэліся для зносін, абмену вопытам. Падчас злёту працавалі тэматычныя пляцоўкі і прэзентацыі дзейнасці атрадаў, канцэртныя выступленні.
У Віцебскай вобласці дзейнічаюць 178 валанцёрскіх атрадаў БРСМ "Добрае Сэрца" агульнай колькасцю больш за 3,6 тыс. чалавек. Хлопцы аказваюць шэфскую дапамогу ветэранам, інвалідам вайны і працы, самотна пражываючым пажылым людзям, дзецям-сіротам, шматдзетным сем'ям, дзецям са статусам інваліда, няпоўным сем'ям, сем'ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, прымаюць удзел у дабрачынных акцыях і мерапрыемствах. За тры гады дзейнасці валанцёры наведалі больш за 235 сацыяльных аб'ектаў, сабралі і перадалі звыш 28,5 тыс. падарункаў на суму Br140,7 млн.
Кацярына Князева