Маладзёжны аўтаматапрабег "Дарогамі Перамогі" пройдзе па ўсіх рэгіёнах Беларусі

23 красавіка, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Маладзёжны аўтаматапрабег "Дарогамі Перамогі" пройдзе па ўсіх рэгіёнах Беларусі. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адзін з арганізатараў акцыі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў Аляксандр Даўжалтоўскі. Ініцыятыву навучэнцаў цэнтра аб правядзенні аўтаматапрабегу падтрымалі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Старт агітацыйнай акцыі будзе дадзены 28 красавіка на плошчы Перамогі ў Мінску, дзе прадстаўнікі моладзі запаляць факел ад Вечнага агню і даставяць яго ва ўсе рэгіёны рэспублікі як сімвал памяці і еднасці нашага народа. У урачыстым мітынгу прымуць удзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, заслужаныя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы краіны. Маляўнічая калона з цюнінгавых аўтамабіляў, байкераў з развяваючыміся дзяржаўнымі сцягамі, картынгастаў, экіпажаў на самаробных і рэтра-аўтамабілях, мапедаў адправіцца па маршруце Мінск - Віцебск - Магілёў - Гомель - Брэст - Гродна - "Курган Славы". Як адзначыў Аляксандр Даўжалтоўскі, удзельнікі аўтаматапрабегу наведаюць мемарыяльныя комплексы "Буйніцкае поле", "Брэсцкая крэпасць-герой" і многія іншыя памятныя месцы. У межах акцыі запланавана урачыстая сустрэча дэлегацый у кожным з абласных цэнтраў, правядзенне мітынгаў з ускладаннем вянкоў, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, наведванне інтэрнатаў ветэранаў вайны і працы, канцэртная праграма з удзелам зорак беларускай эстрады і лепшых творчых калектываў краіны. Будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, пройдуць флэш-акцыі, адбудуцца спартыўна-тэхнічныя шоу, паказальныя выступленні супрацоўнікаў дэпартамента аховы МУС Беларусі. Па задуме арганізатараў, у кожным з рэгіёнаў выхаванцы гурткоў тэхнічнай творчасці запусцяць у неба мадэлі самалётаў і ракет як сімвал свабоды і міру, тым самым салютуючы Вялікай Перамозе. Вядома, што велізарны ўклад у перамогу над фашызмам унёс партызанскі рух, які ўвайшоў у летапіс сусветнай гісторыі і не меў сабе роўных па напале і размаху ўзброенага супраціву ў тыле праціўніка. Менавіта таму ўдзельнікі праекта не пакінуць без увагі месцы, дзе базаваліся партызанскія брыгады. Мэта праекта - выхаванне ў моладзі нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці, павагі да гераічнага мінулага сваёй Радзімы, развіццё актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі падрастаючага пакалення, прапаганда подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, клопат аб ветэранах, захаванне пераемнасці пакаленняў. Удзельнікамі аўтаматапрабегу стануць педагогі і выхаванцы цэнтраў тэхнічнай творчасці навучэнцаў, актывісты дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Фінальныя мерапрыемствы пройдуць на адным з галоўных беларускіх ваенных мемарыялаў - Кургане Славы. Патрыятычная акцыя, арганізаваная Рэспубліканскім цэнтрам тэхнічнай творчасці навучэнцаў, пройдзе ў рамках Маладзёжнага марафону "65!". -0-