Моладзевы праект «Слёзы вайны»: стэнды на розных мовах дапамогуць даведацца пра падзеі 40-х гадоў на Віцебшчыне

Вайна пакінула на Віцебшчыне шмат манументаў і абеліскаў, якія нагадваюць пра 40-я гады мінулага стагоддзя. Добраўпарадкаванню і захаванню горкага спадчыны надаецца значная ўвага, бо маўчанне граніту захоўвае памяць пра тых, хто цаной жыцця заваяваў Перамогу. Аднак, на жаль, сучаснае пакаленне ўжо не так добра ведае герояў ваеннага мінулага, час сцірае і некаторыя дэталі баявых дзеянняў. З мэтай захаваць мінулае і расказаць пра яго сучаснаму пакаленню быў распрацаваны праект «Слёзы вайны». Аляксандр Маркаў, Уладзіслаў Балуеў і Дзяніс Юрчак прапануюць ля абеліскаў і манументаў усталяваць стэнды з інфармацыяй пра бітвы, якія адбываліся ў гэтых мясцінах, людзей, якія адыгралі вырашальную ролю.

– Гэта было б цікава і нашым землякам, і турыстам, якія прыязджаюць у Віцебскую вобласць. Тэкст на стэндах будзе на некалькіх мовах. Можна размясціць і штрых-код, які зчытваецца смартфонам. Такім чынам чалавек атрымае звесткі пра абеліск з Інтэрнэту, – расказаў намеснік дэкана гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава Дзяніс Юрчак. – Навуковыя кансультацыі і падрыхтоўку інфармацыі пра помнікі гатовы ўзяць на сябе наш факультэт.
 
Ідэю адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў, знаёмячыся з праектамі на абласной выставе «100 ідэй для Беларусі».

– Гэта вельмі актуальная тэма, бо наперадзе нас чакае важная дата – 70-годдзе вызвалення нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, – падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.
 
Як паказала выстава, размешчаная ў Віцебскай абласной філармоніі, моладзь задумваецца над вырашэннем задач, якія хвалююць сучаснае грамадства. Да прыкладу, спосабы эканомнага расходавання вады ведае навучэнка Браслаўскай сярэдняй школы №2 Маргарыта Каладзінская, якая ўзялася за вывучэнне пытання пасля факультатыва па энергазберажэнні. Увасобіць ідэю захавання вады ў побыце і, адпаведна, сямейнага бюджэту, дапамагла настаўніца фізікі Вольга Кузняцова. Службу дапамогі падлеткам «105» прапануюць стварыць у СШ №1 Полацка, як ачысціць горад ад смецця, ведае аддзел адукацыі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска, а экалагічны тэатр на колах Віцебскага раёна заклікае выхоўваць любоў да роднай зямлі з самага юнага ўзросту. Тут жа праекты «Сямейны клуб «Буслінка», «Прыгажосць у руху», «Пошукі святыні»…

На выставе былі прадстаўлены каля 30 прапаноў юных аўтараў з многіх куткоў Прыдзвіння. Удзел у рэспубліканскім праекце «100 ідэй для Беларусі» дае ім магчымасць быць пачутымі і прынесці карысць грамадству. Менавіта таму дадзеная ініцыятыва БРСМ была падтрымана на самым высокім узроўні і атрымала адабрэнне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер аўтобус «100 ідэй для Беларусі» коціцца па ўсёй краіне і збірае цікавыя праекты. Быў ён заўважаны і на плошчы Леніна ў Віцебску, што стала сапраўдным маляўнічым святам. Рэспубліканская «Скарынка ідэй» папоўнілася прапановамі прыдзвінскіх аўтараў, прычым, вельмі сімвалічна: у велізарным канверце, у суправаджэнні флэшмоба «Я люблю Беларусь!».

У гэты ж дзень абласная арганізацыя БРСМ падвяла вынікі сваёй дзейнасці ў 2012 годзе. Першы сакратар абкама Дзмітрый Хома спыніўся на дасягненнях і існуючых праблемах. Сваю ацэнку рабоце арганізацыі даў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў, падкрэсліўшы, што моладзь – гэта вялікі кадравы патэнцыял, а несумненнымі брэндамі арганізацыі сталі працаўладкаванне моладзі і стварэнне студэнцкіх атрадаў, валанцёрская дзейнасць, удзел у ахове правапарадку. Важна зараз не зніжаць тэмпаў і разам з уладай вырашаць агульнадзяржаўныя задачы.

«ВР»