Моладзевы прафсаюзны форум «Студэнцкая восень» у Віцебску сабраў каля 1,5 тысячы ўдзельнікаў
Мабыць, самай яскравай і маляўнічай падзеяй форуму стаў спецыяльны праект «Універсітэцкае асяроддзе», у рамках якога будучых абітурыентаў запрасілі на прафарыентацыйную і іміджавую выставу ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Вучэбныя ўстановы прадставілі ўласныя масмедыя, дасягненні на чэмпіянатах па прафесійным майстэрстве WorldSkills, шырокі спектр спецыяльнасцей, а таксама магчымасці для дадатковай адукацыі і развіцця.
Да прыкладу, у Полацкім дзяржаўным эканамічным каледжы навучэнцы спецыяльнасці «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» паспяхова асвойваюць прататыпаванне. Выкладчык каледжа Аліна Восіпава правяла для ўдзельнікаў «Студэнцкай восені» майстар-клас па аб’ёмным мадэляванні.
Педагог расказала, што 3D-прынтэр у каледжы з’явіўся каля года таму, і яго актыўна выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе. Таксама ў бліжэйшы час для школьнікаў арганізуюць гурток робататэхнікі.
– Хочам, каб нашы навучэнцы былі ў курсе самых сучасных тэхналогій і актуальных тэндэнцый прафесіі і разумелі, што іх веды будуць запатрабаваны на практыцы, – падкрэсліла Аліна Уладзіміраўна.
Таксама ў рамках форуму адбыўся семінар аб ролі прафсаюзаў у фарміраванні грамадзянскай супольнасці з удзелам прадстаўнікоў улады, кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый і ўстаноў адукацыі. Акрамя таго, маладыя людзі ў залежнасці ад профілю сваёй вучобы наведалі найбуйнейшыя прадпрыемствы, установы і арганізацыі рэгіёну – «Белвест», «Віцебскія дываны», «Нафтан», «Альгоўскае», віцебскую гімназію №7 і абласную клінічную бальніцу.
Гэта, на думку старшыні Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Івана Вазьміцеля, дазволіла студэнтам не толькі бліжэй пазнаёміцца з будучай прафесіяй, але і даведацца аб рабоце прафсаюзных арганізацый, прэферэнцыях і гарантыях для маладых спецыялістаў, моладзевых саветах і іх удзеле ў жыцці калектыву.
– Перш за ўсё форум накіраваны на папулярызацыю прафсаюзнага руху ў моладзевым асяроддзі, мы хочам паказаць дзяўчатам і юнакам, якія сацыяльныя гарантыі ў іх ёсць, як прафсаюзы могуць абараніць іх інтарэсы. Сёння каля 98% студэнцкай і навучэнскай моладзі з’яўляюцца членамі пярвінных прафсаюзных арганізацый, а гэта больш за 32 тысячы маладых і актыўных людзей, дзякуючы якім прафсаюзы Віцебшчыны плённа і паспяхова працуюць, – расказаў Іван Канстанцінавіч.
Завяршыўся форум гала-канцэртам «Мая ВНУ – малая радзіма» з удзелам лепшых творчых калектываў Віцебшчыны.