Маладыя механізатары Віцебскай вобласці пазмагаюцца ў прафмайстэрстве
12 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Маладыя механізатары Віцебскай вобласці пазмагаюцца ў прафесійным майстэрстве 20-22 кастрычніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашко.
Конкурс адбудзецца ў гарадскім пасёлку Ветрына на базе Полацкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Званне лепшага маладога механізатара Віцебскай вобласці аспрэчаць больш за 40 удзельнікаў ва ўзросце да 31 года, якія будуць выступаць у асабістым і камандным першынстве (каманды прадстаўлены двума ўдзельнікамі).
У першы дзень спаборніцтваў ім трэба будзе прадэманстраваць свае веды ў тэарэтычным туры, адказаўшы на пытанні па чарчэнні, матэрыялазнаўстве, слесарнай справе, аграноміі, ахове працы, рэгуляванні апрацоўчага агрэгата, правілах дарожнага руху, а таксама аб сельскагаспадарчых машынах і іх тэхнічным абслугоўванні. Наступныя два дні будуць адведзены на выкананне практычнага задання на двух відах машынатрактарных агрэгатаў. Удзельнікам трэба будзе падрыхтаваць іх да арання і папрацаваць.
Ацэньваць конкурсантаў журы будзе па ўзроўні тэарэтычнай падрыхтоўкі, якасці выканання работ, прадукцыйнасці працы, веданні і выкананні правілаў бяспекі працы. Узнагародай пераможцам у асабістым і камандным заліках стануць ганаровыя граматы і памятныя падарункі.
Арганізатарам конкурсу выступае аддзел па справах моладзі, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Полацкі райвыканкам, Полацкі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, абласны камітэт прафсаюза работнікаў АПК.-0-