Маладыя працаўнікі Віцебскай вобласці пакажуць майстэрства кіравання энергонасычанымі трактарамі
20 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых механізатараў Віцебскай вобласці адкрываецца сёння ў Полацкім раёне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашко.
"Прафесійныя конкурсы дапамагаюць прапагандаваць перадавы вопыт і павышаюць майстэрства, спрыяюць росту прэстыжу рабочай прафесіі, стымулююць маладых да ўдзелу ў рэалізацыі дзяржаўнай аграрнай палітыкі", - упэўнены Валерый Кунашко. Цяперашні конкурс - сёмы па ліку. Яго галоўным адрозненнем ад папярэдніх з'яўляецца тое, што спаборнічаць маладыя аратыя будуць на энергонасычаных трактарах "Беларус-3022". За апошнія два гады машынны парк сельгаспрадпрыемстваў значна абнавіўся, у тым ліку за кошт магутных трактароў, таму і было вырашана праверыць майстэрства маладых кіраваць менавіта такой тэхнікай, растлумачыў суразмоўца.
Конкурс адбудзецца ў гарадскім пасёлку Ветрына на базе Полацкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. За званне лепшага маладога механізатара Віцебскай вобласці будуць змагацца 40 удзельнікаў ва ўзросце да 31 года з 20 раёнаў. Спаборніцтвы будуць праходзіць у два туры. Сёння на першым тэарэтычным туры канкурсантам трэба будзе адказаць на 100 пытанняў. Уладкаванне сельгасмашын, ахова працы і правілы дарожнага руху, асновы аграноміі і сельгасвытворчасці - гэта толькі невялікі пералік тэм, якія павінен ведаць малады механізатар.
Практычны тур, самы відовішчны і захапляльны, пройдзе 21 кастрычніка. Удзельнікам трэба будзе падрыхтаваць агрэгат да працы і правесці ўспароўванне зябу на адведзеным участку. Патрабаванні ў журы да якасці работы будуць жорсткімі: з сантыметрам у руках будуць вымярацца адхіленні ад прамалінейнасці першай баразны, глыбіня ўспароўвання. Акрамя гэтых патрабаванняў журы будзе ацэньваць падрыхтоўку трактара да працы і знешні выгляд канкурсанта. Завершацца спаборніцтвы 22 кастрычніка ўзнагароджаннем пераможцаў у асабістым і камандным першынствах.
Арганізатарам конкурсу выступае аддзел па справах моладзі, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Полацкі райвыканкам, Полацкі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, абласны камітэт прафсаюза работнікаў АПК.-0-