Маладыя пакаленні нададуць новы імпульс даследаванню творчасці Уладзіміра Караткевіча

26 лістапада, Орша /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Маладыя пакаленні дадуць новы імпульс даследаванню творчай спадчыны Уладзіміра Караткевіча. Такое меркаванне выказаў сёння карэспандэнту БЕЛТА вядомы даследчык творчасці пісьменніка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Верабей на міжнароднай канферэнцыі "Уладзімір Караткевіч: глабальны погляд" у Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Новыя пакаленні дадуць свежае, новае прачытанне твораў беларускага класіка, пераасэнсуюць яго творчасць. Ім трэба будзе раскрыць шмат таго, што мы яшчэ не ведаем", - выказаў упэўненасць Анатоль Верабей. Уладзіміра Караткевіча па праве можна назваць геніем беларускай і сусветнай культуры. Караткевіч плённа працаваў як паэт, прозаік, публіцыст, перакладчык, драматург, мастак. Гэта быў чалавек энцыклапедычных ведаў, фенаменальнай памяці, выключнай ерудыцыі. Яго талент раскрыўся шматгранна, што і дае шырокае поле дзейнасці для шматлікіх даследчыкаў творчай спадчыны знакамітага аршанца, адзначыў суразмоўца. З 2011 года выдавецтва "Літаратура і мастацтва" пачне выпускаць збор твораў Уладзіміра Караткевіча у 25 тамах. Яго асаблівасць заключаецца ў тым, што гэта выданне будзе акадэмічнага тыпу, але ў той жа час разлічанае на масавага чытача. Гэта будзе самае поўнае каментаванае збор твораў аўтара. Плануецца, што яно цалкам выйдзе да 2020 года - 90-гадовага юбілею пісьменніка.-0-