Маладыя распрацоўшчыкі сайта пра Віцебск у гады ВАВ атрымалі прэмію гарсавета
15 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Маладыя распрацоўшчыкі сайта пра Віцебск у гады Вялікай Айчыннай вайны атрымалі прэмію Віцебскага гарсавета. Разам з імі лаўрэатамі штогадовай прэміі сталі яшчэ 12 маладых рабочых, інжынераў, вучоных, студэнтаў і творчы калектыў канструктарскага бюро "Дысплей", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкама.
Сяргей Берагейка, трэнер па веласпорце дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву "Вікторыя", і Аляксей Маршынскі, рабочы прадпрыемства "Элект" грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку", распрацавалі і стварылі сайт "Перамога - Віцебск. Віцебск у гады Вялікай Айчыннай вайны". Сайт створаны на аснове шматлікіх архіўных і дакументальных фотаматэрыялаў, звестак са статычных і энцыклапедычных выданняў. Распрацоўшчыкі прысвяцілі яго памяці тых, хто загінуў, абараняючы і вызваляючы горад, тых, хто не змог выжыць у страшныя гады вайны.
Сярод узнагароджаных - старшы майстар лакаматыўнага дэпо Віцебскага аддзялення БЧ Павел Лысых, які распрацаваў і ўкаранёў 18 рацыяналізатарскіх прапаноў з эканамічным эфектам больш за Br49 млн. Прэмію гарсавета атрымала таксама Ірына Тхарэва, асістэнт кафедры Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, за распрацоўку і ўкараненне трыкатажнага мяшочка для падтрымання жалудачка сэрца. Гэта вынаходніцтва паспяхова прайшло клінічныя выпрабаванні і ўжываецца ў кардыялогіі. Праца вучонага была прадстаўлена ў канцы лістапада на моладзевым інавацыйным форуме ў Мінску.
Штогадовая прэмія Віцебскага гарсавета лепшым маладым работнікам, навучэнцам і студэнтам Віцебска была заснавана ў 2007 годзе. Яна прысуджаецца ў пяці намінацыях. Як адзначыў начальнік аддзела па абаронна-мабілізацыйнай рабоце і справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Аляксандр Сідарэнка, з кожным годам колькасць намінантаў на прэмію расце, і выбіраць лаўрэатаў становіцца цяжэй. Гэтая прэмія з'яўляецца не толькі фактам прызнання заслуг таленавітых маладых людзей, але і стымулам для іх далейшага прафесійнага росту. "Дзяржаўная маладзёжная палітыка будуецца такім чынам, каб дапамагчы самарэалізацыі моладзі. Вызначаныя IV Усебеларускім народным сходам прыярытэтныя напрамкі краіны, такія як развіццё чалавечага патэнцыялу, стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцей, стымуляванне дзелавой ініцыятывы пацвярджаюць, што дзяржава і ў далейшым будзе рабіць усё, каб моладзь у Беларусі магла знайсці прымяненне сваім здольнасцям і талентам", - перакананы ў аддзеле.-0-