Маладыя бацькі сёння мала асьведамленыя аб псіхафізічным развіцці дзіцяці – меркаванне спецыяліста

23 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Маладыя бацькі сёння мала асведамлены аб нармальным псіхафізічным развіцці дзіцяці. Такое меркаванне выказала сёння на рэспубліканскім семінары ўрачоў-педыятраў у Віцебску галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Невяровіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Бацькі часам дэманструюць крычучую неасведамленасць у гэтым пытанні і неразуменне тых наступстваў, да якіх прыводзяць парушэнні развіцця дзяцей", - падкрэсліла галоўны педыятр краіны. Каб пазбегнуць гэтай сітуацыі, будучым маці і бацькам варта памятаць, што асновай здароўя дзіцяці з'яўляюцца рэжым, правільнае харчаванне і здаровы лад жыцця. Акрамя таго, неабходна больш глыбока знаёміцца з асновамі развіцця дзіцяці яшчэ падчас планавання цяжарнасці і яе цячэння. Пры гэтым у перыяд цяжарнасці жанчыне і яе сям'і неабходна аказваць псіхалагічную дапамогу ў адаптацыі да новага стану, узнікаючых ускладненняў, падрыхтоўцы да родаў. Пасля нараджэння дзіцяці яго медыцынскае суправаджэнне пачынае ажыццяўляць педыятр. "Аднак і ў нас ёсць свае слабыя месцы", - адзначыла Алена Невяровіч. Так, педыятрам варта пастаянна папаўняць свае звесткі аб адаптаваных заменніках груднога малака, прызначэнні спецыяльных лячэбных сумесяў, іх узаемазамяняльнасці, а таксама перыядычна абнаўляць веды аб псіхафізіялогіі дзіцяці і асновах харчавання дзяцей першага года жыцця. Рэспубліканскі семінар педыятраў, прысвечаны рэалізацыі праграмы "Дзеці Беларусі" на 2006-2010 гады, праходзіць у Віцебску 23-24 верасня. Удзельнікі мерапрыемства абмяркуюць актуальныя пытанні аказання медыцынскай дапамогі дзецям, падзеляцца напрацаваным вопытам, а таксама пазнаёмяцца з арганізацыяй работы ў гэтым напрамку шэрагу лячэбных устаноў Віцебскай вобласці.-0-