Маладыя спецыялісты Віцебскай вобласці правялі адкрыты дыялог з прадстаўнікамі ўлады

Молодые специалисты Витебской области провели открытый диалог с представителями власти
Першы абласны форум працоўнай моладзі ў Віцебску, арганізаваны БРСМ і галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, сабраў каля 100 чалавек.

– Удзельнікі форуму наведалі вядучыя прадпрыемствы горада, у тым ліку «Беларускую гарбарна-абутковай кампанію «Марка» і ТАА «Фортэкс — водныя тэхналогіі». Прадстаўнікі рэгіянальных СМІ азнаёміліся з работай інтэрнэт-тэлебачання Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава. Важна, што мы змаглі выбудаваць і развіць дыялог у тым напрамку, які цікавы нашай моладзі, – сказаў першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол.

– Гэта не першая сустрэча ў падобным фармаце. Два гады таму мы правялі форум працоўнай моладзі ў Глыбоцкім раёне. Вопыт прыцягнуў калег з іншых рэгіёнаў, і мы сумесна правялі такі форум у Гродзенскай вобласці, далей былі Полацк, Орша, – адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Пётр Гнуценка.

– На любым працоўным месцы трэба праявіць сябе, даказаць, што ты ведаеш і ўмееш. Галоўны вынік форуму – гэта зносіны маладых людзей адзін з адным і ўладай. Спадзяюся, яны былі карыснымі, – падзяліўся меркаваннем памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

Як адзначыў старшыня абласнога саюза наймальнікаў Уладзімір Туравінаў, вельмі важна, каб моладзь была зацікаўлена ў працы на вытворчасці. Асабліва цэняцца людзі, якія разбіраюцца ў інфармацыйных тэхналогіях, лічбавых прыладах. Ім ёсць дзе прымяніць свае навыкі. У ліку вядучых прадпрыемстваў, якія развіваюць інавацыйныя падыходы, ён назваў «Віцебскія пад'ёмнікі», «Энергакомплект», «Палімерканструкцыю».

У дыялогу паміж аўдыторыяй і экспертамі былі падняты і пытанні, актуальныя для будучых прадпрымальнікаў. На іх падрабязна адказаў начальнік аддзела развіцця прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Трафімаў.

– Малы і сярэдні бізнес Віцебскай вобласці – гэта практычна 90% экспарту паслуг, каля 50% экспарту тавараў і 25% паступленняў падаткаў у кансалідаваны бюджэт, — дадаў ён.

Аб арганізацыі вольнага часу гараджан і важнасці прыватнай ініцыятывы гаварыў намеснік старшыні гарвыканкама Віктар Глушын. Ён адзначыў, што ўлада з усёй сур'ёзнасцю ставіцца да прапаноў індывідуальных прадпрымальнікаў, шараговых жыхароў Віцебска.

Прыклад таму – свята для жыхароў горада, якое пройдзе 23 лютага на пляцоўцы каля ГЦ «Эвіком». Гэта падарунак абаронцам Айчыны ад уладальнікаў «Z-парка».

"Віцебскія весці".