Маладыя спартсмены Беларусі, Расіі і Эстоніі ўдзельнічаюць у турніры па боксе памяці воінаў-афганцаў у Віцебску
Падчас урачыстага адкрыцця памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання, дэлегацыя ўдзельнікаў спаборніцтваў усклала вянок да манумента «Боль».
Прывітаўшы спартсменаў, памочнік Прэзідэнта Беларусі – інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін адзначыў, што адзін з самых мужных відаў спорту мае ў Віцебску слаўныя традыцыі. У ліку яркіх прадстаўнікоў нашай школы бокса – Вячаслаў Яноўскі, Андрэй Зуеў, Сяргей Ляховіч, якія праслаўлялі Беларусь на сусветных арэнах.
Генерал-маёр запасу Аляксандр Скачкоў сказаў, што спаборніцтвы выхоўваюць волю і даюць магчымасць праявіць сябе на спартыўнай ніве.
Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валяр'ян Мацкевіч нагадаў, што турнір зараджаўся дзякуючы энтузіястам бокса Анатолю Стэльмахову і Мікалаю Анойку пры падтрымцы Андрэя Івоніна, які ўзначальваў гарадскую арганізацыю воінаў-інтэрнацыяналістаў «Братэрства». Цяпер на рынг выходзяць юнакі, якія тады яшчэ не нарадзіліся.
Пасля трох дзён баёў стануць вядомыя пераможцы турніру, вялікую дапамогу ў арганізацыі якога аказалі віцебскія прадпрыемствы-спонсары.
Пераможцы і прызёры будуць узнагароджаны медалямі, дыпломамі і прызамі ад абласной і гарадской арганізацый ветэранаў вайны ў Афганістане.