Маладыя навукоўцы розных краін прэзентавалі ў Віцебску свае даследаванні на англійскай мове
ВГУ ім. П. Машэрава не толькі з'яўляецца буйным рэгіянальным адукацыйным і навуковым цэнтрам, але і працягвае пашыраць інтарнацыянальныя сувязі. Чаpговым крокам у гэтым напрамку стала першая міжнародная канферэнцыя студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і маладых вучоных «Моладзь XXI стагоддзя: адукацыя, навука, інавацыі», якая днямі завяршыла сваю працу.
На форуме дзейнічалі 14 секцый, якія ўключалі ў сябе ўсе вядучыя навуковыя напрамкі. Даследчыкі з Расіі, Польшчы, Ірака і 25 ВНУ Беларусі, Аршанскага каледжа і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля атрымалі магчымасць азнаёміцца з перадавымі тэндэнцыямі развіцця студэнцкай навукі, абмяняцца вопытам, а таксама прадэманстраваць вынікі сваёй працы. У выніковы зборнік уключаны 221 даклад. Афіцыйнай мовай форуму была абрана англійская, што, на думку арганізатараў, дазволіць знайсці распрацоўкам маладых вучоных практычнае прымяненне і на міжнародным узроўні. Акрамя таго, як лічыць начальнік навукова-даследчага сектара ўніверсітэта Аляксандр Дзядзінкін, гэта паслужыць для даследчыкаў, якія робяць першыя крокі ў навуцы, імпульсам для далейшых даследаванняў.
Наталля Камлёва, "Віцебскія весці"