Манаграфія "Віцебск" адкрывае серыю выданняў па археалагічным вывучэнні найстаражытнейшых гарадоў Беларусі

5 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Манаграфія "Віцебск" адкрывае серыю фундаментальных работ па гісторыка-археалагічным вывучэнні найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, да выдання якой прыступіў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аб гэтым сёння паведаміла аўтар манаграфіі загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН доктар гістарычных навук Вольга Ляўко на прэзентацыі кнігі ў абласным краязнаўчым музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Серыя "Найстаражытнейшыя гарады Беларусі" прадугледжвае публікацыю вынікаў фундаментальных даследаванняў па шэрагу найбольш значных у гісторыі дзяржавы гарадоў, утварэнне якіх адносіцца да IX - пачатку XI стагоддзя. У выданнях будуць абагульнены ўсе наяўныя распрацоўкі, пачынаючы з першых раскопак на тэрыторыі гарадскіх паселішчаў, якія дазваляюць найбольш поўна раскрыць працэсы фарміравання і развіцця гарадоў Беларусі. Першае выданне серыі прысвечана Віцебску таму, што сярод найстаражытнейшых гарадоў Беларусі менавіта Віцебск з'яўляецца найбольш маштабна археалагічна вывучаным, адзначыла Вольга Ляўко. Археалагічныя даследаванні горада пачаты ў канцы XIX стагоддзя з раскопак на Замкавай гары, якая размешчана ў цэнтры Віцебска і з'яўляецца помнікам найстаражытнейшай гісторыі горада. Першая частка манаграфіі прысвечана апісанню развіцця культурнага пласта - напластаванняў, якія ўтвараюцца ў выніку дзейнасці людзей, што дазваляе прасачыць структурнае і храналагічнае развіццё горада. У другой частцы выдання раскрываюцца пытанні планіроўкі горада, сувязі асобных яго частак у адзінае цэлае, прыводзяцца апісанні найбольш значных архітэктурных аб'ектаў, у тым ліку культавых, грамадзянскіх і гаспадарчых пабудоў. У заключэнні аўтарам сістэматызаваны і абагульнены вынікі даследаванняў развіцця рамеснай і гандлёвай дзейнасці гараджан, гандлёвых сувязей Віцебска ў X-XVIII стагоддзях. Сабраны падчас археалагічных раскопак матэрыял дазволіў вызначыць узровень развіцця тэхналогій асобных рамёстваў. Комплекснае выкарыстанне матэрыялаў археалогіі, пісьмовых і графічных крыніц дае магчымасць найбольш поўна раскрыць працэс гістарычнага развіцця горада, падкрэсліла Вольга Ляўко. Такая структура манаграфіі будзе характэрна для ўсіх выданняў серыі. Плануецца, што ў наступным годзе выйдзе ў свет манаграфія аб Мінску, у 2012 годзе будзе выдадзена праца, прысвечаная Полацку. У серыю таксама ўвойдуць вынікі археалагічных даследаванняў Друцка, Магілёва, Гомеля, Турава і цэлага шэрагу іншых найстаражытнейшых гарадоў Беларусі.-0-