Мантаж помніка Героям Айчыннай вайны 1812 года пачнецца сёння ў Полацку

27 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. На сёння ў Полацку запланаваны пачатак мантажу элементаў канструкцыі помніка Героям Айчыннай вайны 1812 года. Такім чынам, полацкія ўлады прыступілі да аднаўлення разбуранага ў 1932 годзе помніка-капліцы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Полацкага гарвыканкама па пытаннях абароны і мабілізацыі Станіслаў Красоўскі. На аднаўленне манумента з бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзелена больш за 44 млн. расійскіх рублёў. Выраб дэталяў манумента ажыццяўлялі ААТ "Тэхналітоў Полацк" і Мінскі скульПтурны камбінат. Пры распрацоўцы эскіза архітэктары і скульптары абапіраліся не толькі на архіўныя матэрыялы і фотаздымкі, але і дасканала вывучылі і замерылі захаваны ў першапачатковым выглядзе помнік Героям 1812 года ў Смаленску. Помнік-капліца быў адкрыты ў Полацку ў 1850 годзе. Аўтарам праекта з'яўляўся архітэктар Фіксен. Манумент уяўляў сабой піраміду, увянчаную купалам з пазалочаным крыжам. Вакол яе размяшчаліся 8 чыгунных калон з купаламі, на якіх сядзелі пазалочаныя арлы. Усё гэта размяшчалася на пастаменце цыліндрычнай формы. Вышыня помніка складала 23,7 м, а агульная вага дасягала 221 т. Аналагічныя манументы былі ўстаноўлены ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў сямі населеных пунктах, дзе адбываліся найбольш значныя баі Айчыннай вайны 1812 года. Аднаўленне помніка прадугледжана Комплекснай праграмай развіцця Полацка на перыяд да 2012 года. Мяркуецца, што манумент ва ўсёй красе будзе адкрыты да канца бягучага года. -0-