Манумент «Белыя журавлі» адкрылі ў аграгарадку Копці Віцебскага раёна
Фактычна «Белыя журавы» сталі завяршальным элементам «Лініі…» з 17 мармуровых пліт, на якіх увекавечаны прозвішчы 1290 байцоў-вызваліцеляў. Яны ўстаноўлены на вядомым далёка за межамі Беларусі воінскім мемарыяле імя Ленінскага камсамола.
— Гэты мемарыял выстраданы і створаны ініцыятыўнымі людзьмі на чале з ветэранам-франтавіком Віктарам Сцяпанавічам Церашчанкам. Тут усё зроблена ад душы, кожная дэталь служыць агульнай мэце — захаванню памяці пра гераізм савецкіх людзей. Хочацца, каб цяперашнія пакаленні ніколі не забывалі пра вялікі подзвіг, які складаўся з самаадданасці байцоў пры вызваленні такіх вось маленькіх населеных пунктаў, — адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч.
Пяціметровая стэла выканана ў выглядзе трох штыкоў, на мармуровым падмурку размешчаны ордэн Айчыннай вайны і пліта з радкамі са верша Расула Гамзатава, якія сталі бессмяротнымі дзякуючы песні ў выкананні Марка Бернеса на музыку Яна Фрэнкеля.
Завяршэнне кампазіцыі «Лініі вечнай памяці» атрымалася паэтычным, што ацаніў і падтрымаў заснавальнік і ідэйны натхняльнік мемарыяла Віктар Церашчанка. Ініцыятарам стварэння стэлы выступіла раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Кіраўнік «афганцаў» Уладзімір Моцін — паплечнік Віктара Церашчанкі ў справе ўвекавечання памяці загінулых у Копцях — успамінае:
— На стварэнне «Лініі вечнай памяці» пайшло каля двух гадоў. Але і пасля адкрыцця заставалася адчуванне, што кампазіцыя не скончана, не хапала яркага, пранізлівага акцэнту, які сімвалізуе памяць пра ўсіх загінулых. Так нарадзілася ідэя зрабіць монумент «Белыя журавы». Ініцыятыву падтрымалі адміністрацыя СЭЗ «Віцебск» і прадпрыемствы-рэзідэнты. Увасаблялі ў жыццё задуманае фактычна талакой: адна арганізацыя рабіла праект, другая — залівала фундамент, трэцяя — збірала канструкцыю і гэтак далей.
У СЭЗ «Віцебск» выразна разумеюць: для таго, каб будаваць будучыню, важна памятаць пра мінулае. Выступаючы на адкрыцці монумента, кіраўнік адміністрацыі СЭЗ Міхаіл Скурат звярнуў увагу, што на цырымоніі адкрыцця прысутнічалі школьнікі і маладыя людзі:
— Гэта сведчыць пра тое, што памяць пра самаадданасць воінаў-вызваліцеляў перадаецца з пакалення ў пакаленне.
У тым ліку для гэтага энтузіясты з Копцяў задумалі дапоўніць мемарыяльны комплекс яшчэ двума важнымі штрыхамі. Па словах Уладзіміра Моціна, у перспектыве там павінны з'явіцца памятныя пліты, адна з іх — са зваротам да будучых пакаленняў памятаць і шанаваць вялікі подзвіг абаронцаў Айчыны.