Магутная энергонасычаная тэхніка дапамагае Полацкай інтэграцыйнай структуры паскорыць тэмпы пасяўной

Мощная энергонасыщенная техника помогает Полоцкой интеграционной структуре ускорить темпы посевной
Павысіць тэмпы і якасць работ на пасеве гаспадаркам Полацкай інтэграцыйнай структуры дапамагло забеспячэнне магутнай энергонасычанай тэхнікай.

У склад інтэграцыйнай структуры на базе Полацкага камбіната хлебапрадуктаў сёння ўваходзяць 37 сельгаспрадпрыемстваў, якія распараджаюцца каля 100 тыс. га ворных земляў у сямі раёнах вобласці. Агульны збожжавы клін складае 49,5 тыс. га, з якіх больш за палову плошчаў восенню засеяны азімымі культурамі. Яравы сеў збожжавых таксама набліжаецца да завяршэння.

Работы сёлета, як адзначыў генеральны дырэктар Полацкага КХП Васіль Хамянок, ідуць больш хуткімі тэмпамі, чаму спрыяюць і спрыяльныя ўмовы надвор'я, і цэлы шэраг іншых фактараў. Сярод іх – забеспячэнне гаспадарак магутнай энергонасычанай тэхнікай, эфектыўная арганізацыя працы, узмацненне зацікаўленасці людзей у высокіх выніках праз абвешчанае на вясновых палявых работах абласное спаборніцтва.

На предпосевной апрацоўцы глебы добрыя шансы на перамогу мае трактарыст-машыніст філіяла Полацкага КХП «Гараны-Агра» Дзмітрый Горох (на фота). Ён у лідарах у сваёй групе па аб'ёме выкананых работ – 1255 га на раніцу ўчорашняга дня.

Працуе Дзмітрый на новым магутным трактары «Кіравец-744Р4» з 12-метровым шыроказахватным культыватарам Kockerling. Такая тэхніка, кажа ён, яму па душы, працуе на ёй з задавальненнем. У полі механізатар – з шасці гадзін раніцы да позняга вечара, за дзень апрацоўвае плошчу да 70 га пры норме 48. Ведае, што пры належным старанні дзённы заробак можа скласці да 110 рублёў, бо пры перавыкананні нормы расцэнка павялічваецца на 100%.

У цяперашні час, як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара КХП па сельскай гаспадарцы Міхаіл Максіменка, сельгаспрадпрыемствы інтэграцыйнай структуры распараджаюцца 144 адзінкамі энергонасычанай тэхнікі, з іх 32 набыты за апошнія два гады. Дзякуючы выкарыстанню сучасных агрэгатаў значна палепшылася і якасць апрацоўкі земляў. Пасля глыбокага разрыхлення глеба насычаецца паветрам, палі становяцца больш роўнымі, што, безумоўна, адаб'ецца і на зніжэнні страт ураджаю.

Усе энергонасычаныя трактары абсталяваны сістэмай GPS-навігацыі, дзякуючы якой у рэжыме рэальнага часу можна адсочваць прадукцыйнасць працы і расход паліва.

Штодня праводзіцца збор камянёў на палях. Частка машын на апрацоўцы глебы працуе і ўночы, каб забяспечыць фронт шыроказахватным пасяўным комплексам тыпу Amazone, на якіх за дзень лепшыя механізатары сеюць па 70 – 100 га збожжавых і зернебабовых культур пры норме 42 га.

Новая магутная тэхніка рацыянальна размеркавана па зонах інтэграцыйнай структуры, у апорных гаспадарках і на самім КХП сфармавана восем механізаваных атрадаў, якія выязджаюць на дапамогу тым сельгаспрадпрыемствам, у якіх не хапае ўласных рэсурсаў. Такая падтрымка, да прыкладу, дапамагла значна палепшыць справы ў праблемным КУСХП «Глыбачаны», частка земляў якога перададзена ў часовае карыстанне аднаму з самых моцных філіялаў «Гараны-Агра».

Акрамя таго, у холдынгу сфармаваны спецыялізаваныя звяны па вывазцы арганікі і рамонце тэхнікі. Толькі ў гэтым сезоне сваімі сіламі адноўлена 11 трактароў, прызначаных да спісання, якія цяпер паспяхова задзейнічаны на работах.

"Віцебскія весці".